У Грузіі затрымалі кіроўцу мікрааўтобуса, у якім загінулі беларусы. Перад смяротным ДТЗ ён выскачыў з яго
У ДТЗ учора загінулі чатыры чалавекі, 15 чалавек атрымалі траўмы.
У Грузіі затрыманы кіроўца мікрааўтобуса, які перавозіў беларускіх турыстаў і трапіў у ДТЗ у рэгіёне Гурыя.
Паводле даных мясцовага МУС, ён не забяспечыў бяспечнае кіраванне транспартным сродкам, выскачыў з кабіны на хаду і таму не атрымаў сур’ёзных траўмаў.
У МУС Грузіі паведамілі, што «кіроўца затрыманы, але на гэтым этапе яго нельга перавесці ў ізалятар, паколькі ён праходзіць неабходныя медыцынскія працэдуры ў клініцы».
Дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам мікрааўтобуса, які перавозіў грамадзян Беларусі, раней адбылося ў грузінскім рэгіёне Гурыя.
У мікрааўтобусе знаходзіліся 19 грамадзян Беларусі. Чатыры чалавекі загінулі, 15 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Сярод пацярпелых — шасцёра непаўналетніх.