Адзіны кваліфікацыйны іспыт на эксперыментальнай аснове правядуць для выпускнікоў каледжаў
Ён пройдзе ў наступным годзе.
Адзіны кваліфікацыйны іспыт для выпускнікоў каледжаў на эксперыментальнай аснове пройдзе ў 2026/27 навучальным годзе. Пра гэта журналістам паведаміла начальніца ўпраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ганна Бойка, піша БелТА.
«Прыкладам стаў дэманстрацыйны іспыт, які праводзіцца ў каледжах Расіі, — расказала Ганна Бойка. — Сёлета ў нас быў запушчаны пілотны праект, ён прайшоў паспяхова. Мы створым вялікі пералік прафесій, якія найбольш запатрабаваныя ў эканоміцы. Па іх і будзе праводзіцца экзамен. Гэта будзе адзінае заданне для ўсіх выпускнікоў адной прафесіі. Ацэньваць работы будзе незалежная экспертная камісія, у якую ўвойдуць прадстаўнікі прадпрыемстваў-заказчыкаў. Экзамен правядуць цэнтралізавана ў адзіныя дні і ў адзін час».
У пілотным праекце па правядзенні экзамену ўдзельнічалі 529 навучэнцаў каледжаў.
Ганна Бойка падкрэсліла, што ў 2026/27 навучальным годзе экзамен пройдзе ў рамках эксперыментальнай дзейнасці. Змены ў нарматыўную базу будуць унесены пазней.