БЕЛ Ł РУС

У Жлобінскім раёне мужчына перакладаў падлогу ў хляве і знайшоў старую зброю

13.08.2026 / 16:02

Nashaniva.com

Жыхар невялікай вёскі ў Жлобінскім раёне падчас планавага рамонту драўлянай падлогі ў сваім хляве знайшоў нечаканую рэч, паведамляе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.

Калі мужчына пачаў мяняць старыя элементы падлогі, пад пластом пылу, павуціння і будаўнічага смецця ён знайшоў стары карабін з аптычным прыцэлам. На ствале зброі быў усталяваны самаробны глушыцель, груба, але трывала прымацаваны да дульнай часткі.

Было відавочна, што карабін працяглы час захоўваўся пад падлогай і быў схаваны ад чужых вачэй. Хто і навошта пакінуў яго там, высветліць адразу было немагчыма.

Мужчына вырашыў не нарывацца на праблемы і добраахвотна перадаў знойдзеную зброю супрацоўнікам міліцыі.

Пазней карабін накіравалі на судовую балістычную экспертызу. Эксперты ўстанавілі, што зброя вырабленая заводскім спосабам і з'яўляецца ручной наразной агнястрэльнай зброяй — карабінам «ТОЗ-16» калібру 5,6 мм. Ён прызначаны і прыдатны для стральбы патронамі 5,6×16R (.22 Long Rifle).

Таксама эксперты даследавалі дульную прыладу. Высветлілася, што яна была вырабленая саматужным спосабам і з'яўляецца кампанентам ручной наразной агнястрэльнай зброі — аднакамерным глушыцелем, прызначаным для памяншэння ўзроўню гуку стрэлу. Прылада таксама аказалася прыдатнай для выкарыстання паводле свайго прызначэння.

Чытайце таксама:

У заслаўскага пенсіянера знайшлі дома перароблены карабін

На Магілёўшчыне ў мужчыны канфіскавалі цэлы арсенал зброі і выбуховых рэчываў

Жыхар Бабруйска знайшоў у кватэры свайго дзядзькі антыкварную зброю

У кобрынскага пенсіянера знайшлі самаробны рэвальвер з боепрыпасамі

Каментары да артыкула