НПЗ у Орску пасля ўкраінскіх удараў цалкам спынены, рамонт можа заняць паўгода
На Орскім НПЗ у Арэнбургскай вобласці пасля нядаўняга ўдару ўкраінскіх беспілотнікаў цалкам спынілі працу. Рамонт можа заняць паўгода. Пра гэта 13 жніўня паведаміў губернатар Арэнбургскай вобласці Яўген Солнцаў.
Паводле слоў арэнбургскага губернатара, у выніку атакі былі пашкоджаныя важныя аб'екты інфраструктуры завода. Аднавіць іх пакуль немагчыма. Дадатковай праблемай стала тое, што на прадпрыемстве выкарыстоўваецца імпартнае абсталяванне, замена якога ва ўмовах міжнародных санкцый можа быць вельмі складанай.
Солнцаў заявіў, што рамонт можа працягвацца да шасці месяцаў. Рэгіён, паводле яго слоў, рыхтуецца да найгоршага сцэнарыя.
На гэты час Арэнбургскай вобласці давядзецца павялічыць пастаўкі паліва з іншых рэгіёнаў. Улады ўжо перабудоўваюць лагістыку. З 287 аўтазаправачных станцый у рэгіёне працуюць каля 80%. У прыярытэце пры забеспячэнні палівам знаходзіцца спецыяльны транспарт.
Губернатар прызнаў, што сітуацыя на запраўках застаецца няпростай, аднак пакуль яе ўдаецца кантраляваць.
НПЗ «Орскнафтааргсінтэз» быў атакаваны беспілотнікамі ў ноч на 11 жніўня. Украінскія маніторынгавыя каналы паведамлялі, што на прадпрыемстве магла быць пашкоджаная ўстаноўка першаснай перапрацоўкі нафты.
У апошнія месяцы ў Расіі рэгулярна адбываюцца атакі на прадпрыемствы нафтавай галіны. На гэтым фоне ў краіне ўзніклі праблемы з забеспячэннем палівам: растуць цэны на бензін, у некаторых рэгіёнах назіраецца яго дэфіцыт, а на аўтазапраўках утвараюцца доўгія чэргі.
Чытайце таксама:
Украінскія беспілотнікі атакавалі НПЗ у расійскім Орску за паўтары тысячы кіламетраў ад мяжы
Салават у Башкартастане атакуюць украінскія дроны
У Камсамольску-на-Амуры адбыўся пажар на НПЗ
У выніку атакі беспілотнікаў на татарскі Ніжнякамск загінулі 12 чалавек