БЕЛ Ł РУС

Расія абвясціла ў вышук сына міністра аховы здароўя ЗША. Ён ваяваў за Украіну

13.08.2026 / 19:20

Nashaniva.com

Конара Кенэдзі, 32‑гадовага сына міністра аховы здароўя ЗША Роберта Ф. Кенэдзі-малодшага, абвясцілі ў міжнародны вышук у Расіі, паведамляе выданне Independent. Расійскі бок абвінавачвае яго ва ўдзеле ў вайне на баку Украіны і называе «замежным наймітам».

Конар Кенэдзі. Фота: Getty Image

Адпаведныя дакументы былі накіраваныя ў Маскоўскі гарадскі суд. У выпадку затрымання ў Расіі Кенэдзі можа пагражаць ад сямі да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

Конар Кенэдзі ў 2022 годзе ўступіў у Міжнародны легіён Украіны. У кастрычніку таго ж года ён публічна расказаў, што адправіўся ваяваць пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання.

Паводле слоў Кенэдзі, яго глыбока ўразіла тое, што адбывалася ва Украіне, і ён хацеў дапамагчы. Калі ён даведаўся пра Міжнародны легіён, то вырашыў далучыцца да яго і ўжо на наступны дзень адправіўся ў пасольства, каб запісацца.

Кенэдзі таксама расказваў, што паведаміў пра сваё месцазнаходжанне аднаму чалавеку ў ЗША і аднаму чалавеку ва Украіне, а таксама назваў ім сваё сапраўднае імя, каб сям'я і сябры не хваляваліся. Пры гэтым ён падкрэсліваў, што не хацеў асаблівага стаўлення да сябе з-за свайго паходжання.

У сваіх публікацыях Кенэдзі заяўляў, што вайна ва Украіне можа вызначыць лёс дэмакратыі ў XXI стагоддзі. Ён таксама заклікаў іншых людзей далучацца да Міжнароднага легіёна, дапамагаць на ўкраінскай мяжы або адпраўляць медыкаменты.

Расійскі бок сцвярджае, што Кенэдзі нібыта ваяваў у складзе ўкраінскага войска ў Харкаўскай вобласці, выдаючы сябе за мясцовага жыхара.

У Расіі падобныя абвінавачанні выстаўляліся і супраць іншых замежных добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Украіны. Сярод іх згадваюцца грамадзяне ЗША, Вялікабрытаніі, Швецыі, Калумбіі і Чэхіі.

Паводле ўкраінскага боку, цяпер у складзе Сіл абароны Украіны могуць ваяваць каля 16 тысяч замежных добраахвотнікаў. Яны прадстаўляюць як мінімум 72 краіны свету. Пры гэтым, паводле сцвярджэння ўкраінскай вайсковай амбудсменкі Вольгі Рашацілавай, амаль 40% замежных вайскоўцаў з'яўляюцца грамадзянамі краін Лацінскай Амерыкі.

Чытайце таксама:

Міністр здароўя ЗША: Я не баюся бактэрый, аднойчы я нюхаў какаін з сядзення ўнітаза

Дыета на квашанай капусце: новы трэнд у адміністрацыі Трампа

Міністр здароўя ЗША купаўся з унукамі ў рацэ, дзе гэта рабіць строга забаронена

Былы віцэ-прэзідэнт Газпрамбанка Валабуеў — пра службу ва УСУ, сувязь з падполлем «Чорная іскра» і адмову ад сям'і ў Расіі

Каментары да артыкула