БЕЛ Ł РУС

У Польшчы затрымалі расіяніна, які збіраўся забіць украінца з амерыканскім пашпартам

13.08.2026 / 21:32

Nashaniva.com

Польскія службы затрымалі грамадзяніна Расіі, якога, паводле польскіх уладаў, завербавалі расійскія спецслужбы для арганізацыі забойства грамадзяніна ЗША і Украіны. Пра гэта 13 жніўня паведаміў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, піша Onet.pl.

Дональд Туск. Фота: Henry Nicholls, Pool Photo via AP

Расіяніна затрымалі 7 жніўня ў выніку сумеснай аперацыі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы і паліцыі.

Па словах Туска, меркаванай ахвярай павінен быў стаць чалавек, які мае адразу два пашпарты — амерыканскі і ўкраінскі. Польскі прэм’ер заявіў, што гэты чалавек быў «нязручным» для рэжыму Уладзіміра Пуціна, але ягонае імя не назваў.

Паводле польскіх уладаў, замах планавалася здзейсніць у Варшаве. Каардынатар польскіх спецслужбаў Томаш Семоняк таксама пацвердзіў, што забойства павінна было адбыцца менавіта ў польскай сталіцы.

Туск назваў гэты выпадак асабліва сур’ёзным, паколькі, паводле яго слоў, гэта першая вядомая сітуацыя, калі чалавек з Расіі планаваў замах на грамадзяніна ЗША на тэрыторыі іншай краіны НАТА — Польшчы.

Польскі прэм’ер падзякаваў польскім службам за праведзеную аперацыю, а таксама амерыканскім спецслужбам за супрацоўніцтва, дзякуючы якому, паводле яго, удалося прадухіліць запланаванае забойства.

Туск таксама заявіў, што польскія ўлады павінны зыходзіць з таго, што расійскі рэжым можа спрабаваць фізічна ліквідаваць людзей, якіх лічыць нязручнымі. У сувязі з гэтым ён паабяцаў узмацніць дзейнасць польскіх службаў.

Чытайце таксама:

Польскія знішчальнікі перахапілі над Балтыйскім морам расійскі самалёт-разведчык

Туск пракаментаваў збіццё ўкраінскай пары ва Уроцлаве і заклікаў прэзідэнта «перастаць маўчаць»

Сікорскі пра магчымы напад расіян на Польшчу: Яны нешта рыхтуюць, гэтак сама, як гэта было перад уварваннем ва Украіну

Каментары да артыкула