БЕЛ Ł РУС

У Мінску збіраюцца знесці паўтары сотні будынкаў

13.08.2026 / 22:18

Nashaniva.com

У Мінску працягваюць працу з аварыйнымі, занядбанымі і неэксплуатаванымі будынкамі, якія могуць ствараць небяспеку для жыхароў горада. Пытанне зносу такіх аб’ектаў абмеркавалі на нарадзе пад кіраўніцтвам старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Галоўны фасад будынка па Петруся Броўкі, 5, які цяпер ужо знесены. Фота: tut.by. Каб расчысціць пляцоўку пад новы медыцынскі аб'ект, унікальны будынак 1930‑х гадоў работы французскага архітэктара давялося пазбавіць ахоўнага статусу

У інвестыцыйную праграму сталіцы на 2026 год уключылі шэсць будынкаў, якія падлягаюць зносу. Пасля дэмантажу гэтых аб’ектаў тэрыторыі павінны прывесці ў належны санітарны стан.

Два такія будынкі, як паведамляецца, ужо знеслі. Адзін з іх знаходзіўся ў раёне вуліцы Петруся Броўкі (корпус былой абласной дзіцячай бальніцы), другі — на вуліцы Рабкараўскай («сталінка» ў стылі савецкага класіцызму). Цяпер работы праводзяцца на аб’екце на вуліцы Інжынернай і яшчэ на адным будынку на вуліцы Петруся Броўкі. Да канца года ўлады плануюць знесці яшчэ два аварыйныя аб’екты.

Усяго пасля праведзеных абследаванняў у розных раёнах Мінска выяўлены 151 праблемны будынак. Паводле гарадскіх уладаў, усе гэтыя збудаванні непрыдатныя для далейшага выкарыстання, таму захоўваць іх немэтазгодна.

Асноўным прыярытэтам пры навядзенні парадку чыноўнікі называюць бяспеку і камфорт жыхароў. Занядбаныя будынкі, маўляў, не толькі пагаршаюць выгляд горада, але і могуць уяўляць рэальную небяспеку для дзяцей і дарослых.

Асобна на нарадзе разгледзелі пытанне ўтрымання будынкаў і збудаванняў, якія працяглы час не выкарыстоўваюцца. Паводле звестак Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС, на адпаведным уліку знаходзяцца 52 такія аб’екты.

Чытайце таксама:

У Мінску зносяць міжваенную бальніцу працы французскага архітэктара. Знішчыць помнік дапамагалі два мясцовыя акадэмікі

У цэнтры Мінска зносяць яшчэ адну «сталінку»

Наколькі больш помнікаў архітэктуры ахоўваецца ў Польшчы і Літве ў параўнанні з Беларуссю. Жахлівыя лічбы

«Сцены вільготныя, цвіль паўсюль». Што адбываецца ў сталінках на вуліцы Леніна ў Мінску праз месяц пасля пажару

Каментары да артыкула