БЕЛ Ł РУС

Мінскі медык пайшоў ваяваць за Расію, праз месяц атрымаў цяжкае раненне, а цяпер выбівае выплаты, седзячы ў інвалідным вазку

14.08.2026 / 08:14

Баляслаў Ліманоўскі

26‑гадовы супрацоўнік мінскай бальніцы хуткай дапамогі Ціхан Бадыраў паехаў наймітам на вайну супраць Украіны, быў прызначаны камандзірам эвакуацыі і праз месяц цяжка паранены. Ён вярнуўся ў Беларусь і цяпер высвятляе ў расійскіх чатах, дзе ягоныя баявыя — аклад яму спачатку зменшылі да $120, а пасля звольнілі.

Ціхан Бадыраў. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Ціхан Бадыраў нарадзіўся 28 чэрвеня 2000 года. Ён з Глыбокага. Хлопец пераехаў у Мінск і скончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі каледж па спецыяльнасці «Сястрынская справа».

Пасля ён працаваў медыцынскім братам у неўралагічным аддзяленні Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Мінску. Па-за працай Бадыраў захапляўся валейболам і нават выступаў за зборную сваёй бальніцы. Акрамя гэтага, паводле ўцечак з баз, ён падзарабляў у таксі і гуляў у анлайн-казіно.

Ціхан Бадыраў падчас вучобы ў каледжы. Фота з ягонай старонкі Укантакце

У жніўні 2025 года Бадыраў вырашыў падпісаць гадавы кантракт з Міністэрствам абароны Расіі. Каб аформіцца наймітам у расійскае войска, ён выехаў у расійскі Уладзімір, дзе атрымаў аднадзённую часовую рэгістрацыю.

Беларуса адправілі ў 1‑ю гвардзейскую танкавую армію. Дзякуючы цывільнай спецыяльнасці яго прызначылі вайсковым медыкам і паставілі камандаваць эвакуацыйнай групай, а пасля прысвоілі званне старшага сяржанта.

Баявы шлях найміта цягнуўся нядоўга: Бадыраў цягам месяца атрымаў цяжкае раненне з пераломам і апынуўся ў вайсковым шпіталі ў Белгарадскай вобласці.

Пасля лячэння ён фактычна правёў рэшту тэрміну кантракта ў бясконцых рэабілітацыйных адпачынках. Пры гэтым Ціхан хваліўся ў чатах, што яго прадстаўлялі да трох расійскіх дзяржаўных узнагарод, і катэгарычна адмаўляўся атрымліваць расійскі пашпарт, разлічваючы на спецыяльныя ўмовы для беларусаў.

Ціхан Бадыраў у інвалідным вазку разам з дзяўчынай. Фота з ягоных сторыз у тэлеграме

Былы мінскі медбрат знаходзіцца ў Беларусі. Нядаўна распытваў у расійскіх юрыдычных чатах, як атрымаць губернатарскія грошы ад улад Уладзімірскай вобласці за цяжкае раненне і чаму ягоны службовы аклад у асабістым кабінеце раптоўна зменшылі з 24 да 10 тысяч расійскіх рублёў (каля $120). 

У жніўні 2026 года гадавы кантракт Бадырава скончыўся, і камандаванне звольніла яго без вяртання на фронт. Цяпер ён спрабуе высветліць у тых жа чатах, як атрымаць яшчэ хоць нешта, але, падобна, яму нічога не свеціць.

Паводле беларускага заканадаўства, за найміцтва яму магло б пагражаць да дванаццаці гадоў па артыкуле 133 Крымінальнага кодэкса.

Чытайце таксама:

Стала вядома, што за «сіндыкат» стаіць за сайтам, які вярбуе беларусаў ваяваць за Расію

Сяргей з Хойнікаў назбіраў даўгоў па аліментах на радзіме і паехаў штурмаваць Ваўчанск. Але грабавыя забярэ другая жонка — расійская

Каментары да артыкула