БЕЛ Ł РУС

У Расіі аб'явілі пра 23‑гадовы прысуд для «польскага шпіёна»

14.08.2026 / 17:24

Nashaniva.com

Маскоўскі гарадскі суд прыгаварыў грамадзяніна Расіі Георгія Пірагова да 23 гадоў калоніі строгага рэжыму па абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе і шпіянажы на карысць польскіх спецслужбаў. Пра гэта 14 жніўня паведаміла ФСБ Расіі, заявіўшы, што прысуд, вынесены яшчэ ў ліпені, набыў законную моц, піша «Новая газета. Европа».

Георгій Пірагоў

Паводле версіі расійскай спецслужбы, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Пірагоў выехаў з Расіі. У красавіку 2022 года, знаходзячыся ў Польшчы, ён нібыта наладзіў кантакт з прадстаўніком польскай вайсковай разведкі і атрымаў заданне збіраць і перадаваць сакрэтную інфармацыю пра расійскія ўзбраенні, якія выкарыстоўваліся ў вайне супраць Украіны.

ФСБ сцвярджае, што Пірагоў выкарыстоўваў свае сувязі з супрацоўнікамі расійскага абаронна-прамысловага комплексу, атрымліваў закрытыя звесткі пра вытворчасць і прымяненне ракетных комплексаў, а таксама персанальныя даныя людзей, якія мелі доступ да дзяржаўнай таямніцы. Пры гэтым расійскі бок не прадставіў публічных доказаў сваіх абвінавачанняў.

Акрамя таго, Пірагова абвінавацілі ў дапамозе ўкраінскаму войску. Паводле сцвярджэння ФСБ, ён пералічваў крыптавалюту на патрэбы УСУ, набываў вайсковы рыштунак і арганізоўваў яго дастаўку з Польшчы ва Украіну.

Судовы працэс над Піраговым пачаўся ў маі 2026 года і праходзіў у закрытым рэжыме.

Паводле інфармацыі незалежных расійскіх журналістаў, Пірагова затрымалі яшчэ ў 2024 годзе. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ён пераехаў у Грузію, дзе працаваў прамысловым альпіністам. Летам 2024 года мужчына адправіўся ў камандзіроўку ва Узбекістан, пасля чаго перастаў выходзіць на сувязь. Пазней яго сваякам стала вядома, што ён знаходзіцца ў маскоўскім СІЗА «Матроская цішыня» па справе аб дзяржаўнай здрадзе. Абставіны яго затрымання і дастаўкі ў Расію застаюцца невядомымі.

Аб прысудзе расійскія ўлады абвясцілі на другі дзень пасля заявы прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска аб прадухіленні ў Варшаве меркаванага злачынства.

13 жніўня Туск паведаміў, што польскія спецслужбы затрымалі грамадзяніна Расіі, якога, паводле інфармацыі польскага боку, расійскія спецслужбы завербавалі для падрыхтоўкі забойства грамадзяніна ЗША і Украіны. Падазраванага затрымалі 7 жніўня пры ўдзеле Агенцтва ўнутранай бяспекі і паліцыі Польшчы.

Туск не раскрыў імя меркаванай ахвяры, аднак заявіў, што гэты чалавек быў абраны расійскімі ўладамі як нязручны для рэжыму Уладзіміра Пуціна. Сёння з'явілася інфармацыя, што мішэнню для забойцы павінен быў стаць вядомы ўкраінскі блогер і рэпер Альберт Васільеў, больш вядомы пад псеўданімам Kyivstoner.

На гэтым фоне польскія ўлады заяўляюць пра ўзмацненне расійскай шпіёнскай і дыверсійнай дзейнасці ў Польшчы пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Гаворка ідзе пра спробы вярбоўкі, дыверсіі і іншыя аперацыі, скіраваныя супраць інфраструктуры, украінскай дыяспары і людзей, крытычна настроеных у дачыненні да Крамля.

Чытайце таксама:

У Польшчы расіяне рыхтавалі замах на ўкраінскага рэпера Kyivstoner

У Польшчы затрымалі расіяніна, які збіраўся забіць украінца з амерыканскім пашпартам

Кіеў прапаноўваў перадаць затрыманую за шпіянаж беларуску Кардаш не толькі Мінску

Як Японія стала зручнай базай для расійскіх шпіёнаў

Каментары да артыкула