БЕЛ Ł РУС

Работнікам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле забаранілі ісці на пахаванне Мікалая Казекі

14.08.2026 / 19:32

Nashaniva.com

Сёння ў Мінску адбывалася развітанне са славутым трэнерам па фрыстайле Мікалаем Казекам, які памёр 11 жніўня. Але ўлады зрабілі ўсё, каб гэтая сумная падзея прайшла як мага больш непрыкметна.

Мікалай Казека. Фота: «Анлайнер»

У сацсетках з'явіліся паведамленні, што на пахаванні Казекі амаль не было работнікаў Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле, дзе трэнер працаваў да самага свайго звальнення і дзякуючы намаганням якога гэты цэнтр здабыў сусветную славу. Гэта не выпадкова, бо людзям проста забаранілі ісці на развітанне, пагражаючы звальненнем.

Мікалай Казека быў адным з найбольш вядомых і заслужаных трэнераў па фрыстайле не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Ягоныя вучні заваявалі восем алімпійскіх медалёў, у тым ліку чатыры залатыя. Але ў гісторыю ён увайшоў не толькі праз гэта, але і праз сваю грамадзянскую пазіцыю.

18 жніўня 2020 года Мікалай Казека разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай спартыўнай сферы падпісаў адкрыты ліст, у якім выказвалася патрабаванне прызнаць несапраўднымі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Пасля гэтага ў яго забралі прэзідэнцкую стыпендыю, а таксама перасталі запрашаць на зборы нацыянальнай каманды.

Неўзабаве трэнер быў цалкам адхілены ад працы ў камандзе. І паслядоўна ды мэтанакіравана рэжым Лукашэнкі яму помсціць нават пасля смерці: дзяржаўныя інфармацыйныя рэсурсы і падпарадкаваныя ўладам спартыўныя арганізацыі яго адыход з жыцця проста праігнаравалі, нібыта такога чалавека ў беларускім спорце ўвогуле ніколі не было.

Чытайце таксама:

Стала вядома, як памёр Мікалай Казека

Памёр славуты трэнер Мікалай Казека

Памёр Аляксандр Мілінкевіч

Каментары да артыкула