Чатырох беларусаў, якія пацярпелі ў ДТЗ у Грузіі, ужо выпісалі з бальніц
Паводле інфармацыі пасла Беларусі ў Грузіі Мікалая Рагашчука, па стане на вечар 14 жніўня чацвёра пацярпелых ужо пакінулі стацыянары. Адзін чалавек выпісаны з Рэспубліканскай клінікі ў Батумі, яшчэ трое — з бальніцы ў Чахатауры, паведаміла БелТА.
На месцы аварыі. Фота: threads.com/@mr_aeru
Астатнія пацярпелыя працягваюць знаходзіцца пад наглядам медыкаў. Цяжка пацярпелых сярод іх няма, стан пацыентаў ацэньваецца як стабільны. Аднак грузінскія лекары рэкамендуюць яшчэ некалькі дзён заставацца ў бальніцах, каб сачыць за дынамікай стану. Усім пацярпелым аказваецца неабходная медыцынская дапамога, праведзеныя камп'ютарная тамаграфія і рэнтгеналагічныя абследаванні.
Паралельна беларускія ўлады займаюцца вяртаннем на радзіму цел загінулых. Пры спрыянні Міністэрства замежных спраў Беларусі найбліжэйшыя два-тры дні плануецца рэпатрыяцыя першых двух загінулых — маладых людзей ва ўзросце 20—21 года. Яшчэ два целы плануюць даставіць у Беларусь у пачатку наступнага тыдня.
Беларускі пасол выказаў спачуванні сем'ям загінулых і пажадаў пацярпелым хутчэйшага выздараўлення.
Дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам мікрааўтобуса, які перавозіў грамадзян Беларусі, адбылося 12 жніўня ў грузінскім рэгіёне Гурыя.
У мікрааўтобусе знаходзіліся 19 грамадзян Беларусі. Чатыры чалавекі загінулі, 15 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Сярод пацярпелых — шасцёра непаўналетніх.
Чытайце таксама:
Грузінскія дактары расказалі пра стан пацярпелых у аварыі беларусаў
У смяротным ДТЗ з беларусамі ў Грузіі 15 чалавек атрымалі траўмы, сярод іх — дзеці