На пляжы Французскай Рыўеры ўсё часцей прыходзяць дзікі
Дзікі сталі ўсё часцей з'яўляцца на папулярных элітных курортах Французскай Рыўеры. Жывёліны выходзяць не толькі на пляжы, але і з'яўляюцца ў кемпінгах, каля рэстаранаў і турыстычных месцаў пражывання. Адпачывальнікаў заклікаюць быць асцярожнымі, бо галодныя дзікі могуць паводзіць сябе непрадказальна, піша Daily Mail.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: pixabay.com
Жывёл вабяць рэшткі ежы, якія пакідаюць турысты, а таксама смеццевыя кантэйнеры. Нягледзячы на забарону, некаторыя адпачывальнікі і мясцовыя жыхары працягваюць падкормліваць дзікоў, што яшчэ больш прывучае іх шукаць ежу побач з людзьмі.
Праблема звязаная і з хуткім ростам папуляцыі. Паводле прыведзеных у матэрыяле даных, у паляўнічым сезоне 2024—2025 гадоў у Францыі былі адстрэленыя 881 372 дзікі — амаль удвая больш, чым дваццаць гадоў таму. Аднак нават такія меры пакуль не дазваляюць істотна стрымаць рост іх колькасці.
Непасрэдна на Французскай Рыўеры ўжо адбываліся выпадкі з'яўлення дзікоў на пляжах. Напрыклад, у маі адзін з іх выйшаў на пляж Альманар у горадзе Ер, зайшоў у мора, а пасля прабег уздоўж узбярэжжа.
Пакуль пра смяротныя выпадкі ў выніку нападаў дзікоў у рэгіёне не паведамлялася. Аднак спецыялісты папярэджваюць, што дзікія жывёліны могуць напасці на чалавека, калі адчуюць пагрозу або будуць параненыя.
Улады спрабуюць змагацца з праблемай рознымі спосабамі. Напрыклад, у курортным Фрэжусе за падкормліванне дзікоў увялі штраф 450 еўра, аднак гэта пакуль не дало чаканага эфекту.
Дзікі ствараюць праблемы не толькі для турыстаў. Штогод яны наносяць французскай сельскай гаспадарцы шкоду прыкладна на 90 мільёнаў еўра. Акрамя таго, іх з'яўленне можа парушаць працу транспартнай інфраструктуры. У Іспаніі ў канцы 2025 года дзікі выбеглі на ўзлётна-пасадачную паласу аэрапорта Ла-Карунья, з-за чаго яе часова закрылі, а два рэйсы давялося перанакіраваць.
Падобная сітуацыя назіраецца і ў іншых еўрапейскіх гарадах. У красавіку 2026 года ўлады Варшавы прыцягнулі паляўнічых для адстрэлу дзікоў, колькасць якіх у горадзе на той момант ацэньвалася як мінімум на 3 тысячы.
Эксперты звязваюць рост папуляцыі з некалькімі фактарамі: жывёлы сталі больш устойлівымі да афрыканскай чумы свіней, падчас пандэміі COVID-19 знізілася актыўнасць людзей у лясах, а дзікі ўсё лепш прыстасоўваюцца да гарадскога асяроддзя.
У пошуках ежы яны ўсё часцей заходзяць у населеныя пункты. А калі людзі пачынаюць іх падкормліваць, жывёлы страчваюць натуральную асцярожнасць перад чалавекам і яшчэ часцей вяртаюцца ў месцы, дзе могуць лёгка знайсці ежу.
Чытайце таксама:
У Беларусь вярнуліся яноты, і гэта трывожыць навукоўцаў
Іспанія адмовілася ад скандальнага плана пабудаваць першую ў свеце ферму па развядзенні васьміногаў
У Кеніі раптоўна загінулі 15 сланоў. Перад смерцю ў іх быў параліч