«Аднойчы, калі прыехаў смеццевоз забіраць бакі, звяркі настолькі не хацелі пакідаць іх, што янотаў прыйшлося літаральна вытрасаць і праганяць назад у лес».

Два гады таму ў лесе Беларусі ўпершыню за шмат гадоў знайшлі янота-паласкуна. Праўда, нежывога. Тым не менш гэта сведчыць пра тое, што паўночнаамерыканскія жывёлы зноў з'явіліся ў фаўне нашай краіны. Заолагі папярэджваюць: яноты выглядаюць міла, але могуць паводзіць сябе прыкладна як пацукі, гэта значыць пастаянна перамяшчацца па сметніцах. У якіх раёнах можна сустрэць «перасяленцаў» у нас і ці непакоіць гэта навукоўцаў, распавёў «Анлайнеру» старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра па біярэсурсах НАН Беларусі Павел Велігураў.
Яноты жылі ў Беларусі каля 30 гадоў, але потым зніклі
— Янотаў-паласкуноў завезлі ў Беларусь яшчэ ў 1950‑х гадах, зрабілі гэта для абагачэння паляўнічай фаўны. Жывёл засялілі на тэрыторыю цяперашняга Прыпяцкага нацпарка і заказніка «Сярэдняя Прыпяць». Аднак пражылі звяркі ў нашай краіне нядоўга — дзесьці да 1980‑х гадоў. Чаму потым зніклі, дакладна невядома. Магчыма, праз тое, што аказаліся не прыстасаванымі да марозных зім. Яноты-паласкуны могуць упадаць у зімовую спячку, але для гэтага ім патрэбныя вялікія дуплы шыракалісцевых дрэў. А такіх сховішчаў для іх у нашых лясах не так шмат, — тлумачыць зоалаг.
Паводле слоў навукоўца, пасля гэтага на працягу доўгіх гадоў дакладных звестак пра янотаў-паласкуноў у Беларусі практычна не з'яўлялася. Від быў зафіксаваны толькі ў 2014 годзе ў Бераставіцкім раёне. Потым зноў наступіла зацішша, і спецыялісты меркавалі, што гэтых звяроў у краіне больш няма.
— І толькі два гады таму мы знайшлі мёртвага янота на трасе М6 у Іўеўскім раёне. Падчас ускрыцця ніякіх прыкмет траўмаў у жывёлы не выявілі, таму яе гібель, па ўсёй бачнасці, не была звязаная з ДТЗ. Дакладную прычыну смерці ўстанавіць не ўдалося, бо дадатковых даследаванняў на наяўнасць захворванняў не праводзілі.
«Са смеццевых кантэйнераў іх прыйшлося літаральна вытрасаць»
Пасля знаходкі навукоўцы абследавалі ваколіцы, дзе быў знойдзены звярок, а таксама праверылі яго на наяўнасць гельмінтаў. У янота выявілі спецыфічнага паразіта, які лічыцца патэнцыйна небяспечным для чалавека.
З 2024 года пошукі янотаў-паласкуноў у Беларусі працягваюцца.
— Нядаўна мы вярнуліся з навуковай экспедыцыі, падчас якой абследавалі месцы магчымага пражывання янота-паласкуна на ўсходзе Гродзенскай вобласці — у Карэліцкім і Навагрудскім раёнах. Пакуль нельга сказаць, што менавіта там сканцэнтравана самая вялікая папуляцыя гэтага віду. Але мы ведаем, што яноты сустракаюцца ў басейне Нёмана. Таксама іх ужо бачылі ў Іўеўскім раёне на берагах Заходняй Бярэзіны і на поўначы Баранавіцкага раёна.

Убачыць саміх янотаў падчас экспедыцыі навукоўцам не ўдалося, аднак на возеры Свіцязь даследчыкі выявілі сляды лап звяркоў.

— Мы размаўлялі з мясцовымі супрацоўнікамі паркоўкі і ратавальнікамі і высветлілі, што яноты рэгулярна кормяцца каля сметніц.
Больш за тое, аднойчы, калі прыехаў смеццевоз забіраць бакі, звяркі настолькі не хацелі пакідаць іх, што янотаў прыйшлося літаральна вытрасаць і праганяць назад у лес.
«У звярка вельмі спрытныя пальцы і добра развіты мозг»
Акрамя свайго натуральнага арэала — Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі — янот-паласкун практычна ўсюды лічыцца інвазіўным відам, гэта значыць тым, які шкодзіць мясцовым экасістэмам.
— Напрыклад, у суседняй Польшчы ўжо ёсць сур'ёзныя праблемы з янотамі-паласкунамі. Але ў асноўным ад іх пакуль пакутуе дзікая прырода.
— А ў чым гэта праяўляецца?
— Янот-паласкун усяедны, харчуецца ўсім, што можа знайсці. Ён добра лазіць і здольны дабрацца да самых цяжкадаступных месцаў. Напрыклад, польскія спецыялісты ўсталёўвалі фотапастку каля гнязда крумкача, якое знаходзілася на сотавай вежы вышынёй каля 20 метраў. Янот змог залезці туды і разбурыць яго.
Акрамя таго, у звярка вельмі спрытныя пальцы і добра развіты мозг. Нават у няволі гэтыя жывёлы часта здольныя самастойна адчыняць клеткі і ўцякаць.
Нядаўна ў інтэрнэце я бачыў інфармацыю пра тое, што яноты дабраліся да адной з найбуйнейшых калоній зімуючых кажаноў і сур'ёзна пашкодзілі яе. Гаворка ішла прыкладна пра 38 тысяч асобін, з якіх, па некаторых даных, каля 10 тысяч маглі стаць здабычай янотаў. А між тым усе еўрапейскія віды рукакрылых знаходзяцца пад аховай Бернскай канвенцыі.
Цяпер галоўная задача зоалагаў — знайсці ўсе месцы пражывання янотаў-паласкуноў у Беларусі і вызначыць, наколькі шырока распаўсюдзіўся ў нас гэты від. Што да мер рэгулявання іх колькасці, то ў бліжэйшы час Міністэрства лясной гаспадаркі плануе дадаць янота-паласкуна ў пералік паляўнічых жывёл.
— Яноты здольныя спусташаць птушыныя гнёзды, шкодзіць дробным млекакормячым і іншым жыхарам лесу. Для прыроды з'яўленне такога чужароднага віду можа стаць праблемай: жывёла займае новую нішу і пачынае выкарыстоўваць даступныя ёй рэсурсы. Яшчэ адзін момант — суседства з чалавекам. Яноты-паласкуны могуць жыць каля населеных пунктаў, харчавацца адходамі і, як вынік, патэнцыйна пераносіць розныя захворванні — ад заражэння паразітамі да шаленства.
Калі ўявіць сабе жывёлу, якая пастаянна перамяшчаецца па смеццевых кантэйнерах, прыемнага ў гэтым мала. У гэтым плане янот паводзіць сябе прыкладна так жа, як, напрыклад, пацукі.
У Паўночнай Амерыцы яноты даўно прыстасаваліся да жыцця побач з людзьмі: яны заходзяць у гарады і вёскі, шукаюць ежу каля сметніц. Фактычна тое ж самае яны могуць рабіць і ў нас.
— А ці ёсць ад іх нейкая карысць?
— Для нашай фаўны янот-паласкун, хутчэй за ўсё, будзе ўяўляць пагрозу. У сваім натуральным асяроддзі яго колькасць рэгулююць мясцовыя драпежнікі. Тэарэтычна ў нас гэта могуць рабіць воўк, рысь, мядзведзь. Але пакуль мы яшчэ не ведаем дакладна, наколькі актыўна яны будуць выкарыстоўваць янота як здабычу, і казаць пра гэта рана.
Што да размнажэння, то яноты даволі актыўна даюць патомства. У Беларусі зоалагі на здымках з фотапастак ужо заўважалі як дарослых асобін, так і малых.
Унікальныя здымкі будаўніцтва Старога моста ў Гродне. Хто фатаграфаваў небяспечныя кесоны, у якіх людзі рызыкавалі на дне Нёмана, каб паставіць апоры? ШМАТ ФОТА
Каментары