БЕЛ Ł РУС

Чаму ў мінскім метро дзверы вагона часта зачыняюцца перад самым носам пасажыраў? Адказвае машыніст

15.08.2026 / 14:26

Ганна Стафановіч

Не спяшайцеся вінаваціць машыністаў метро ў чэрствасці.

Скрыншот відэа ў тыктоку

Уладзіслаў, які працуе машыністам у мінскім метро, распавядае пра сваю працу ў тыктоку і часам адказвае на пытанні пасажыраў. У каментарах яму пасажыры пішуць і пра крыўды. Адна з самых папулярных прэтэнзій тычыцца таго, што машыністы часта зачыняюць дзверы перад самым носам людзей, якія бягуць на цягнік, — нават калі тыя з дзецьмі.

Уладзіслаў растлумачыў, чаму так адбываецца.

— У нас вельмі складаны графік, пасекундны. То-бок мы абавязаны адпраўляцца не проста ў пэўную хвіліну, а ў хвіліну і столькі секунд. Напрыклад, у 15 секунд, 35, 45 і гэтак далей… І калі адставанне ад графіка 10 секунд, гэта яшчэ лічыцца дапушчальным. Калі больш — 20 секунд — гэта ўжо на мяжы. 30 секунд — ужо крытычна.

Мужчына дадае, што чыста па-чалавечы ўсе машыністы імкнуцца ўзяць як мага больш пасажыраў — асабліва калі бачаць, што спрабуюць паспець на цягнік людзі сталага ўзросту, пасажыры з дзецьмі.

— Але такія людзі ёсць на кожным прыпынку. І вось калі перад вамі зачыніліся дзверы, вы засмуціліся, пакрыўдзіліся на машыніста… Магчыма, ён на мінулых прыпынках ужо кагосьці чакаў, таму ў яго проста вычарпаны дапушчальны ліміт і больш яму нельга чакаць.

Уладзіслаў прызнаецца, што сам часта трапляе ў такую сітуацыю — і бачыць негатыўную рэакцыю пасажыраў, якія засталіся на платформе: па вачах, па вуснах… Дарэчы, калі чалавек паказвае машыністу сярэдні палец, той гэта заўважае.

— Зразумейце спецыфіку працы метро. На адным прыпынку пачакаў людзей, узяў максімальна колькі мог — мінус 10 секунд. На наступным такія жа людзі бягуць і просяцца: «Вазьміце нас». Ты іх шкадуеш — і яшчэ мінус 5‑10 секунд. А наперадзе яшчэ 15 станцый, і страчаны час ніадкуль не возьмецца.

Машыніст раіць ставіцца да сітуацыі так: вы не спазніліся на гэты цягнік, а прыйшлі крыху загадзя на наступны. Бо калі б цягнік паехаў па раскладзе — на 20 секунд раней, вы б яго нават і не пабачылі.

Уладзіслаў дадаў, што часта пасажыры незадаволены тым, што недзе ў тунэлі цягнік прытарможвае — але гэта таксама звязана з тым, што з наступнай станцыі цягнік не стартаваў своечасова.

Чытайце таксама:

Цягнік у Кітаі разагналі да 800 км/г за пяць секундаў

Расіяніну, які п'яным пабіўся з ахоўнікамі мінскага метро, вынеслі прысуд

У Маскве беларус на спорткары заляцеў на лесвіцу, якая вядзе ў падземны пераход метро

Каментары да артыкула