БЕЛ Ł РУС

Гэтыя краіны публічна падтрымліваюць Інфанціна, а гэтыя — супраць

15.08.2026 / 15:13

Nashaniva.com

Будучыня Джані Інфанціна на пасадзе прэзідэнта ФІФА пад пытаннем. Незадаволенасць расце з кожным днём, але і прыхільнікі ў кіраўніка пакуль ёсць.

Ліянель Месі, Джані Інфанціна і Дональд Трамп у часе ўручэння сярэбраных медалёў Аргенціне. Фота: Julio Cortez / AP

Публічна яго падтрымалі 24 футбольныя федэрацыі, піша sports.ru.

Вось хто публічна падтрымаў Інфанціна

Восем удзельнікаў ЧС-2026: Аргенціна, Марока, Катар, Егіпет, ДР Конга, Мексіка, ПАР і Парагвай.

Акрамя таго, Нігерыя, ААЭ, Джыбуці, Каморскія Выспы, Маўрытанія, Кувейт, Нігер, Шры-Ланка, Інданезія, Ліван, Бутан, Манголія, Філіпіны, Гамбія, Уганда, Малаві, Судан і Бангладэш.

Але ў выпадку з ПАР Інфанціна падтрымаў міністр спорту, мастацтва і культуры Гэйтан Макензі, а не футбольная федэрацыя.

Шэсць кіраўнікоў арабскіх асацыяцый, у тым ліку гаспадароў ЧС-2022 Катара і суарганізатара ЧС-2030 Марока, апублікавалі сумесную заяву. Яе таксама падпісалі кіраўнікі федэрацый Егіпта, Лівана, Судана і Маўрытаніі. Чацвёра з шасці падпісантаў — катарскі шэйх Хамад бін Халіфа Аль Тані, мараканец Хані Або Рыда і кіраўнік футбольнага ведамства Маўрытаніі Ахмед Ях'я — адначасова з'яўляюцца і членамі Савета ФІФА.

«Мы глыбока цэнім пастаянныя намаганні спадара Інфанціна па развіцці футбола ва ўсім свеце, пашырэнні магчымасцяў ва ўсіх рэгіёнах і ўмацаванні ролі гэтай гульні ў аб'яднанні людзей і супольнасцяў. Разлічваем на працяг цеснага супрацоўніцтва з ім дзеля пабудовы больш моцнай і квітнеючай будучыні сусветнага футбола, пашырэння магчымасцяў і далейшага павелічэння ўкладу арабскага футбола на глабальнай арэне», — гаворыцца ў сумеснай заяве. Відавочна, ім палітычна выгадна захаваць Інфанціна.

Невялікія федэрацыі (напрыклад, Каморы, Уганда і Малаві) прама тлумачаць: ім патрэбныя грошы. Яны лічаць, што пры Джані шанцаў на фінансаванне больш.

Хто супраць Інфанціна? Больш за палову арганізацый

Брытанскі BBC Sport паспрабаваў падзяліць лагеры.

Больш за палову — меркавана супраць. Дакладна — 19 членаў (сярод іх Германія і Англія).

Размеркаванне галасоў:

Непал, 211‑ы член ФІФА, цяпер адхілены і не мае права голасу — таму без яго. BBC улічваў 210 асацыяцый.

Расклад такі: 124 галасы — верагодна, супраць Інфанціна; 73 галасы — верагодна, за Інфанціна. Плюс 13 тых, хто яшчэ не вызначыўся. Вядома, гэта не канчатковыя лічбы. У бліжэйшыя месяцы ўсё яшчэ можа змяніцца.

Выбары новага прэзідэнта ФІФА пройдуць 18 сакавіка 2027 года. Калі супраць Інфанціна выступіць адзін апанент, трэба набраць 106 галасоў. Калі кандыдатаў будзе больш за трох, то ў першым раўндзе трэба набраць дзве траціны галасоў, у другім — большасць.

Хто супраць Інфанціна — акрамя УЕФА?

Больш за ўсіх незадаволеная УЕФА, якая паабяцала разам з нацыянальнымі асацыяцыямі і іншымі канфедэрацыямі разабрацца, як праект продажу часткі правоў на ЧС увогуле дайшоў да стадыі рэалізацыі.

Разам з КАНКАКАФ (Федэрацыя краін Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі) і Азіяцкай федэрацыяй Еўропа падпісала ліст з жорсткай крытыкай Джані.

Але ў Азіі не ўсё так проста: Катар, ААЭ, Шры-Ланка, Ліван, Кувейт і Бутан падтрымліваюць Інфанціна на будучых выбарах. Прычым многія азіяцкія федэрацыі пакуль не выказаліся (важная Саудаўская Аравія пакуль маўчыць), і вось іх падтрымкай плануе заручыцца УЕФА.

Футбольная канфедэрацыя Акіяніі з 11 нацыянальных асацыяцый пакуль не вызначылася са стаўленнем да Інфанціна. Хоць прадстаўнік асацыяцыі Новай Зеландыі Эндру Прайнэл заклікаў краіны Акіяніі заняць «адзіную пазіцыю». У Паўночнай Амерыцы таксама многія супраць, але не ўсе: за Джані выказалася Мексіка. А вось у ЗША сябра Дональда Трампа не падтрымалі, у адрозненне ад самога Трампа, які назваў тое, што адбываецца, «вялікай памылкай».

Затое на баку Джані Паўднёвая Амерыка і Афрыка: першыя выступілі супраць здзелкі, але застаюцца прыхільнікамі прэзідэнта, у Афрыцы — адназначна за. Нават пісалі, што Інфанціна аддасць Марока фінал ЧС-2030 у абмен на падтрымку. Але ФІФА ўсё абвергла.

Скінуць Інфанціна ўсё роўна будзе складана. Ён не збіраецца адступаць

Адзінай пазіцыі УЕФА недастаткова для перамогі над Інфанціна. У кожнай нацыянальнай асацыяцыі адзін голас. Таму Германія, Англія, Францыя ці Іспанія маюць такую ж вагу, як невялікія астраўныя федэрацыі, якія атрымліваюць значную частку бюджэту праз праграмы ФІФА.

Інфанціна пабудаваў палітычную сістэму на пераразмеркаванні даходаў на карысць невялікіх краін. Для многіх асацыяцый ён застаецца кіраўніком, пры якім фінансаванне футбола прыкметна вырасла. Пакуль Афрыканская федэрацыя футболу і КАНМЕБОЛ [аб'ядноўвае федэрацыі краін Паўднёвай Амерыкі, апроч Сурынама, Гаяны і Французскай Гвіаны] захоўваюць лаяльнасць, Еўропа павінна знайсці кандыдата, здольнага атрымаць падтрымку хаця б у Азіі або КАНКАКАФ.

У якасці магчымага суперніка часцей за ўсё згадваюць прэзідэнта КАНКАКАФ Віктара Мантальяні. Reuters паведамляў, што ён разглядае магчымасць удзелу ў выбарах, але афіцыйна сваю кандыдатуру пакуль не вылучаў.

Існуе і больш радыкальны шлях. Патрабаваць правядзення пазачарговага кангрэса ФІФА можна пры падтрымцы 43 асацыяцый. Тэарэтычна адной Еўропе для гэтага дастаткова галасоў.

Такі кангрэс можа ператварыцца ў паўнавартасную спробу вынесці прэзідэнту вотум недаверу. Паводле The Guardian, асобныя члены Савета ФІФА абмяркоўвалі падобны сцэнар яшчэ да канчатковага краху FIFA Forward Enterprise.

Інфанціна не мае намеру адступаць. Ён па-ранейшаму кантралюе апарат ФІФА, асабіста працуе з федэрацыямі і карыстаецца падтрымкай значнай часткі футбольнага свету. Аднак цяпер ён ужо не выглядае безальтэрнатыўным кандыдатам.

Чытайце таксама:

Інфанціна выбачыўся за памылку, але застаўся прэзідэнтам ФІФА

Інфанціна адступіў: план частковай прыватызацыі чэмпіянатаў свету па футболе адкліканы

ФІФА хоча павялічыць колькасць зборных на мундыялі да 64‑х

УЕФА аднагалосна вырашыў байкатаваць турніры ФІФА, калі рэалізуюцца планы Інфанціна

«Душа футбола не прадаецца». УЕФА правядзе экстраннае пасяджэнне ў сувязі з планамі ФІФА прыцягнуць да фінансавання турніраў прыватных інвестараў

Каментары да артыкула