БЕЛ Ł РУС

Талібы прапанавалі ЗША вярнуцца ў Афганістан

15.08.2026 / 16:32

Nashaniva.com

Афганскія талібы прапанавалі ЗША аднавіць дыпламатычную прысутнасць у Кабуле і інвеставаць у развіццё Афганістана. Пра гэта ў інтэрв’ю The New York Times заявіў міністр замежных спраў краіны Амір Хан Мутакі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Sami Jan/picture alliance via Getty Images

Паводле слоў афганскага дыпламата, гаворка ідзе выключна пра цывільную прысутнасць ЗША ў краіне, без вяртання амерыканскіх вайскоўцаў. Талібы прапануюць Вашынгтону зноў адкрыць пасольства, падтрымліваць дыпламатычныя кантакты і ўкладаць сродкі ў распрацоўку радовішчаў карысных выкапняў, будаўніцтва плацін і дарог.

Мутакі заявіў, што «раздзел вайны закрыты», і цяпер Афганістан хоча будаваць адносіны з ЗША на аснове ўзаемнай павагі і «новага раздзела пазітыўнага ўзаемадзеяння». Ён таксама паведаміў, што Кабул гатовы адкрыць свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў ЗША.

Талібы разлічваюць такім чынам выйсці з міжнароднай ізаляцыі. За апошні год Афганістан актывізаваў кантакты з Расіяй, краінамі Цэнтральнай Азіі і дзяржавамі Персідскага заліва, заключыў шэраг гандлёвых пагадненняў і дамовіўся з Расіяй аб абаронным партнёрстве.

Аднак ЗША пакуль не дэманструюць гатоўнасці да нармалізацыі адносін. У Дзярждэпартаменце заявілі, што талібы не забяспечылі неабходнай стабільнасці ў краіне і не выканалі абавязацельствы па барацьбе з тэрарызмам. Вашынгтон падкрэслівае, што ўзаемадзейнічае з талібамі толькі ў тых выпадках, калі гэта адпавядае інтарэсам ЗША.

За апошні год адносіны паміж бакамі нават ускладніліся. ЗША зблізіліся з Пакістанам, які раней наносіў авіяўдары па тэрыторыі Афганістана, абмежавалі выдачу віз афганцам і забаранілі ім уезд у краіну. Акрамя таго, талібы былі ўнесеныя ў амерыканскі спіс арганізацый, звязаных з незаконным утрыманнем грамадзян ЗША.

У сваю чаргу, Кабул не выканаў шэраг патрабаванняў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Талібы адмовіліся вярнуць ЗША кантроль над авіябазай Баграм і не пагадзіліся аддаць пакінутае амерыканскае ўзбраенне. Таксама яны не вызвалілі грамадзяніна ЗША, якога, паводле іх версіі, увогуле не ўтрымліваюць.

Пры гэтым эксперты лічаць, што эканамічны патэнцыял Афганістана можа стаць важным фактарам для магчымай будучай супрацы з Вашынгтонам. Краіна валодае значнымі, але пакуль недастаткова распрацаванымі запасамі літыю, медзі, жалезнай руды і рэдказямельных металаў. Гэтыя рэсурсы маюць стратэгічнае значэнне для ЗША.

У 2004—2021 гадах Вашынгтон ужо выдаткаваў амаль мільярд даляраў на развіццё горназдабыўной галіны Афганістана, але значных вынікаў гэта не прынесла. Цяпер Кабул мае пагадненні ў гэтай сферы з кампаніямі з Кітая, Ірана і Катара.

Разам з тым заходнія краіны па-ранейшаму не прызнаюць урад талібаў законнай уладай Афганістана. Краіна застаецца ў міжнароднай ізаляцыі, а вярхоўны лідар руху Хайбатула Ахундзада знаходзіцца ў вышуку па ордары Міжнароднага крымінальнага суда ў сувязі з абвінавачаннямі ў пераследзе афганскіх жанчын і дзяўчат.

Чытайце таксама:

Падчас тэракту на вайсковым посце ў Пакістане загінулі не менш за 15 чалавек

Лідар талібаў забараніў дзяржслужачым карыстацца смартфонам

Талібы дазволілі мужчынам жаніцца з дзевяцігадовымі дзяўчынкамі

Ахвотным наведаць Афганістан цяпер можна зрабіць гэта прасцей

Каментары да артыкула