БЕЛ Ł РУС

Пры ўдары па Самары, верагодна, пашкодзілі цэх, дзе вырабляюць электроннае абсталяванне для ракет-носьбітаў «Саюз-2»

15.08.2026 / 18:42

Nashaniva.com

Пры сённяшнім начным абстрэле ўкраінскімі ракетамі Самары мог быць пашкоджаны цэх Ракетна-касмічнага цэнтра «Прагрэс», дзе вырабляюць электроннае абсталяванне для ракет-носьбітаў «Саюз-2». Паводле інфармацыі ўкраінскага OSINT-праекта «КіберБорошно», пад удар мог трапіць корпус 106А.

Скрыншот з відэа

Аналітыкі сцвярджаюць, што гэты корпус уваходзіць у вытворчы комплекс «Саюза» і працуе ў рэжыме высокага класа чысціні. Там збіраюць бартавую электроніку, прыборы і друкаваныя платы — кампаненты, якія забяспечваюць працу ракеты.

Побач знаходзіцца корпус 106Б, дзе праводзіцца фінальная зборка ракет. Ці быў пашкоджаны ён, пакуль невядома.

РКЦ «Прагрэс» належыць да структуры «Раскосмасу» і з'яўляецца асноўным прадпрыемствам серыйнай зборкі ракет «Саюз-2». Акрамя ракет-носьбітаў, прадпрыемства вырабляе касмічныя апараты дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

У выпадку значнага пашкоджання цэха аднаўленне вытворчасці можа быць складаным і заняць некалькі месяцаў. Асабліва гэта тычыцца памяшканняў з высокімі патрабаваннямі да чысціні: пасля пажару і тушэння неабходна не толькі аднавіць сам будынак, але і паўторна сертыфікаваць чыстыя зоны, тэхналагічныя працэсы і праверыць узровень забруджвання.

Атака на комплекс адбылася ў ноч на 15 жніўня. Пасля выбухаў на тэрыторыі прадпрыемства ўзнік буйны пажар. Губернатар Самарскай вобласці Вячаслаў Федарышчаў паведаміў пра як мінімум двух пацярпелых.

Пра ўдар па «Прагрэсе» заявілі і ў Генштабе Узброеных сіл Украіны. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сцвярджаў, што для атакі выкарыстоўваліся крылатыя ракеты «Фламінга». 

Паводле ўкраінскага боку, «Прагрэс» таксама звязаны з вытворчасцю касмічнай групоўкі «Рассвет», якую Расія плануе выкарыстоўваць для наладжвання ўласнай спадарожнікавай сувязі. У Кіеве сцвярджаюць, што гэтыя спадарожнікі могуць выкарыстоўвацца расійскімі вайскоўцамі, у тым ліку для разведкі і забеспячэння сувязі.

Чытайце таксама:

Украінскія ракеты нанеслі ўдар па ракетным заводзе ў Самары

Наступ УСУ на Аляксандраўскім кірунку: што пра яго вядома і якія перспектывы

Салават у Башкартастане атакуюць украінскія дроны

Севастопаль атакавалі беспілотнікі

Каментары да артыкула