Лукашэнка прапанаваў фермеру з-пад Турава закласці сады пад Мінскам
Падчас выступлення на фестывалі «Кліч Палесся» ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёна Аляксандр Лукашэнка расказаў, што напярэдадні прапанаваў фермеру Міхаілу Шрубу з-пад Турава некалькі ўнікальных палёў непадалёк ад сталіцы, якія цяпер разглядаюцца пад жылую забудову. Лукашэнка прапанаваў выкарыстаць гэтыя землі для стварэння вялікіх палескіх садоў, піша БелТА.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
Па словах Лукашэнкі, ён хоча, каб Мінск быў акружаны садамі і выглядаў падобна да Кішынёва, які запомніўся яму падчас візіту ў Малдову. Лукашэнка адзначыў, што фермер зацікавіўся прапановай, але ўзяў час на роздум. Аднак ён не сумняецца, што Шруб пагодзіцца — надта ж ужо прывабная нібыта прапанова.
Ідэю стварыць вялікі сад каля Мінска Лукашэнка выказваў яшчэ ў маі падчас нарады з урадам. Тады ён прапаноўваў закласці сад, які дазволіў бы цалкам забяспечваць сталіцу яблыкамі.
У гэтай задумцы Лукашэнка бачыць не толькі практычную карысць. Паводле яго слоў, горад, акружаны садамі ў цвеце, будзе выглядаць надта прыгожа.
Чытайце таксама:
Лукашэнка: Паглядзіце, што вакол творыцца. Страшна падумаць.
Руіны касцёла ў Бабруйску бясплатна аддалі «кашальку» Лукашэнкі Аляксандру Зайцаву