«Насамрэч каманда не заўсёды была сканцэнтравана на Бабарыку. Не ўсё сышлося на ім». Краўцоў выпісвае Бабарыку з «бабарыканцаў»?
«Бабарыка з камандай і Бабарыка без каманды — гэта абсалютна розныя рэчы», — перакананы Іван Краўцоў, які цяпер, выглядае, застаўся прыхільнікам толькі Марыі Калеснікавай.
Віктар Бабарыка
Былы сакратар Каардынацыйнай рады і, магчыма, ужо былы «бабарыканец» Іван Краўцоў у стрыме Лізаветы Пракопчык тлумачыў ёй, што ў штабе «бабарыканцаў» не ўсё сышлося на самім Бабарыку.
«Віктар Дзмітрыевіч [Бабарыка], у прынцыпе, разумны мужык. Праблема ў тым, што вынік 2020 года, які ён атрымаў, гэта была камандная работа. Усё, што было — і подпісы, і піяр-кампанія… — усе людзі вядомыя, хто гэтым займаліся. Там топавыя людзі з івэнт-індустрыі, топавыя людзі з піяру, я, Антон [Раднянкоў], Калеснікава ў тым ліку, Знак і гэтак далей.
Топавая каманда забяспечыла топавы вынік.
Арганізацыю івэнтаў, збор подпісаў, усе гэтыя боты-не-боты, «Сумленныя людзі». Каманда вельмі важная.
Таму, вядома, Бабарыка з камандай, Бабарыка без каманды — гэта крыху абсалютна розныя рэчы.
І ў цэлым каманда ж насамрэч не заўсёды была сканцэнтравана на Бабарыку. Як толькі Бабарыка сеў, мы ж рабілі кампанію для Ціханоўскай, зараз [робім для] Калеснікавай. Пытанне ж насамрэч у наяўнасці магчымасцей і задачы.
І не ўсё сышлося на Бабарыку.
І вось у нас такое мысленне пра лідараў… Трэба глядзець на праекты, праз ініцыятыву. Мне, шчыра кажучы, увогуле да лямпачкі, там гэта Пазняк, ці Бабарыка, ці Калеснікава, ці хто, калі рэальна я разумею, што будзе вынік, калі рэальна я разумею, што будуць магчымасці, я рэальна бачу, што людзі галавой думаюць. Для мяне вось гэта самае галоўнае. А назапашаны імідж, прозвішча, увогуле не важна. Важная сістэма. Сістэма работы, каштоўнасці, па якіх работа арганізавана. І самае галоўнае — прадуманы галавой нейкі, разумееш, вымяральны вынік».
Іван Краўцоў. Фота: LookByMedia
Чытайце таксама:
Бабарыка: Да свайго вызвалення я ўвогуле не бачыў Івана Краўцова. Не ведаю, што ён рабіў