У 18‑гадовага блогера, які цяпер сядзіць за махінацыі з дабрачынным зборам, нарадзілася дачка
18‑гадовы блогер з Гродна Міхаіл Драгун стаў бацькам, знаходзячыся за кратамі. Пра нараджэнне дачкі паведаміла ягоная 38‑гадовая партнёрка, таксама блогерка Яўгенія Тарасенка.
Фота:bakumenko_photo, Instagram
Дзяўчынка нарадзілася 7 жніўня, назвалі яе Агатай. Практычна да самых родаў Тарасенка публічна не расказвала пра сваю цяжарнасць і паведаміла пра яе літаральна ў апошні момант.
Паводле яе слоў, дзіця пара планавала загадзя, прычым ініцыятарам нараджэння дзіцяці быў менавіта Міхаіл. Даведалася жанчына пра цяжарнасць 5 снежня 2025 года — прыкладна праз месяц пасля затрымання іх абодвух.
Яна таксама апублікавала архіўнае відэа, на якім паведамляе Міхаілу гэтую навіну. Яго першай рэакцыяй, паводле відэа, была эмацыйная фраза з недаверам да пачутага.
Праз некалькі дзён пасля гэтага Драгуна ўзялі пад варту. Тарасенка напісала, што пасля гэтага засталася адна з будучым дзіцём. У наступныя месяцы яна дзялілася ягонымі лістамі з-за кратаў. Паводле яе слоў, Міхаіл прасіў яе не рабіць аборт.
Міхаіл Драгун і Яўгенія Тарасенка — папулярныя ў Гродне блогеры. У 2024 годзе пара нават паўдзельнічала ў праўладным рэаліці-шоу «Фабрыка блогераў».
Але многія пра іх даведаліся пасля гучнага скандалу з дабрачынным зборам.
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, разам са сваёй каханай Міхаіл прапаноўваў падпісчыкам за 10 рублёў удзельнічаць у розыгрышы, дзе галоўнымі прызамі былі смартфоны ці аўтамабіль. Арганізатары заяўлялі, што толькі невялікая частка грошай пойдзе на прызы, а ўсю астатнюю суму аддадуць на лячэнне хлопчыка. Збіралі грошы для васьмігадовага Вані Сцяцэнкі, у якога цяжкая генетычная хвароба — міядыстрафія Дзюшэна. Неабходны хлопцу ўкол каштаваў 2,9 мільёна даляраў.
Агулам блогерамі было сабрана 1,5 мільёна рублёў. Але маме хворага дзіцяці яны перадалі толькі 200 тысяч рублёў, 315 тысяч выдаткавалі на прызы для ўдзельнікаў стрыму. Астатняе пусцілі на шыкоўнае жыццё.
Міхаіл трапіў за краты, яшчэ калі яму было 17.
Сёлета ў ліпені яго судзілі. Драгуна прызналі вінаватым у прычыненні маёмаснай шкоды шляхам падману і злоўжывання даверам, а таксама ў паклёпе. Акрамя таго, каля 130 тысяч рублёў, якія суд прызнаў даходам ад злачынства, канфіскаваныя ў даход дзяржавы.
Міхаілу далі адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі.
У СІЗА Драгун знаходзіцца з сярэдзіны снежня 2025 года, а паколькі для непаўналетніх дзень у СІЗА залічваецца за два, то да выхаду на свабоду яму застаецца ўжо не так шмат часу.
Чытайце таксама:
Вынеслі прысуд гродзенскаму блогеру, якога вінавацілі ў махінацыях са зборам на Ваню Сцяцэнку
Збор для Вані Сцяцэнкі закрылі грашыма з арыштаваных сродкаў гродзенскіх блогераў