Расія атакавала Кіеў балістыкай, на Запарожжа скінулі авіябомбы
У ноч на 16 жніўня расійскія войскі нанеслі чарговы масіраваны ўдар па тэрыторыі Украіны, выкарыстаўшы балістычныя ракеты і ўдарныя беспілотнікі. Пад абстрэлам апынуліся Кіеў, Крывы Рог, Каменскае і Крэменчук, а на Запарожжы расійская авіяцыя скінула кіраваныя авіябомбы.
У Кіеве ў Абалонскім раёне ўспыхнуў вялікі пажар на тэрыторыі вядомага кніжнага рынку «Пятроўка». Акрамя таго, пашкоджанні атрымалі некалькі нежылых будынкаў і прыпаркаваныя побач аўтамабілі. Паводле паведамленняў гарадскіх улад і ратавальнікаў, у выніку абстрэлаў украінскай сталіцы пацярпелі тры чалавекі.
Трагічныя наступствы былі ў Запарожскім раёне, які расійскія войскі атакавалі авіябомбамі. Адзін з удараў прыйшоўся па прыватным доме ў сяле Віктароўка, у выніку чаго загінулі 66‑гадовы мужчына і 64‑гадовая жанчына. Яшчэ адна авіябомба пашкодзіла жылы дом у сяле Міхайлаўскае, дзе траўмы атрымаў 39‑гадовы мясцовы жыхар.