Пад Талачыном адкапалі фрэскі ў крыпце князёў Друцкіх-Саколінскіх. На раскопкі назбіралі праз краўдфандынг
У Новым Саколіне, родавым гняздзе старажытнага роду, праходзяць археалагічныя раскопкі рэшткаў княжацкай пахавальні XVII—XVIII стагоддзяў. Археолагам ужо ўдалося дайсці да ўзроўню крыпты і выявіць фрагменты арыгінальнага сценапісу. Працы ініцыяваныя мясцовымі краязнаўцамі, а фінансаванне цалкам сабранае за кошт ахвяраванняў.
Раскопкі на крыпце князёў Друцкіх-Саколінскіх. Фота: фэйсбук Алега Дзярновіча
Археалагічная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі пачалася 12 жніўня каля вёскі Новае Саколіна. Працамі кіруе кандыдат гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік інстытута Алег Дзярновіч. На пляцоўцы разам з прафесійнымі археолагамі працуюць валанцёры з Талачына, Коханава і Мінска.
Аб'ектам даследавання сталі рэшткі мураванага культавага збудавання. Згодна з крыніцамі, у розныя часы ў гэтай мясцовасці існавалі магільны склеп, а таксама кальвінскі і ўніяцкі храмы. Знойдзеную падчас раскопак цэглу кіраўнік экспедыцыі Алег Дзярновіч папярэдне адносіць да XVII стагоддзя. Адзначаецца таксама выразная геаметрыя захаваных падмуркаў.
Фрагмент фрэсак з крыпты князёў Друцкіх-Саколінскіх з геаметрычным малюнкам. Фота: фэйсбук Алега Дзярновіча
Фрагмент фрэсак з крыпты князёў Друцкіх-Саколінскіх з двума пігментамі. Фота: фэйсбук Алега Дзярновіча
Фрагмент фрэсак з крыпты князёў Друцкіх-Саколінскіх. Фота: фэйсбук Алега Дзярновіча
На дадзены момант археолагам удалося дайсці да ўзроўню падземнай крыпты. Сярод найбольш каштоўных матэрыяльных знаходак — фрагменты арыгінальнай тынкоўкі з фрэскамі (сценапісам), унікальная керамічная чарапіца, асколкі шклянога збана, а таксама міса, знойдзеная непасрэдна ў самой крыпце.
Мураваная капліца непасрэдна звязана з мемарыяльнай і канфесійнай палітыкай полацкага ваяводы Міхаіла Друцкага-Саколінскага (каля 1550 — 1621). Вядома, што пасля 1612 года ён фундаваў у Саколіне кальвінскі збор, які адносіўся да Беларускага евангелічна-рэфармацыйнага дыстрыкта. Пазней пры ім і з'явілася мураваная родавая пахавальня.
Дахоўка з шыпамі з крыпты князёў Друцкіх-Саколінскіх. Фота: фэйсбук Алега Дзярновіча
Князі Друцкія-Саколінскія — адно з самых уплывовых адгалінаванняў старажытнай дынастыі Друцкіх у Вялікім Княстве Літоўскім. Гэтае месца мае прамую сувязь з радаводам канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Як сведчаць генеалагічныя даведнікі, маці Льва Сапегі, Багдана, была дачкой Канстанціна Друцкага-Саколінскага. Пасля смерці свайго першага мужа яна ў 1547 годзе ўзяла шлюб з Іванам Сапегам. Такім чынам, раскопкі ў Новым Саколіне закранаюць непасрэднае радавое гняздо продкаў аднаго з найвыдатнейшых дзяржаўных дзеячаў беларускай гісторыі.
Мясцовасць перад раскопкамі. Фота: фэйсбук Алега Дзярновіча
Рэшткі мура крыпты князёў Друцкіх-Саколінскіх. Фота: фэйсбук Алега Дзярновіча
Рэшткі мура крыпты князёў Друцкіх-Саколінскіх. Фота: Інстытут гісторыі НАН Беларусі
Асаблівасць гэтай экспедыцыі — у яе арганізацыйна-фінансавай мадэлі. Раскопкі былі ініцыяваныя краязнаўцам Змітром Іўчанкам з канкрэтнай прагматычнай мэтай: навукова абгрунтаваць гістарычную каштоўнасць аб'екта.
Замоўцам археалагічных работ выступіла Беларускае геаграфічнае таварыства (БелГТ), якое заключыла афіцыйную дамову з Інстытутам гісторыі НАН. Агульны каштарыс даследаванняў склаў 4100 рублёў. Гэтая сума збіраецца праз краўдфандынг: неабыякавыя грамадзяне робяць добраахвотныя ўзносы праз сістэму АРІП з падпісаннем адпаведнай дамовы на даследаванне аб'екта.
Канчатковая мэта ініцыятывы — падрыхтаваць неабходны пакет дакументаў для афіцыйнага ўнясення выяўленай крыпты і рэшткаў храма ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэта дасць руінам юрыдычную абарону ад знішчэння і перспектыву для далейшай кансервацыі.