БЕЛ Ł РУС

Пасланнік Трампа Кушнер сустрэўся з лідарам ХАМАС

17.08.2026 / 07:31

Nashaniva.com

Сустрэча адбылася ўчора ў Егіпце.

Джарэд Кушнер. Фота: AP Photo/Terry Renna

Спецпасланнік па Блізкім Усходзе і зяць прэзідэнта ЗША Джарэд Кушнер правёў перамовы з прадстаўнікамі палестынскай групоўкі ХАМАС, каб абмеркаваць рэалізацыю падтрыманага ЗША мірнага плана для сектара Газа, паведаміў Бі-бі-сі палесцінскі чыноўнік.

Паводле яго слоў, сустрэча адбылася ў нядзелю ў Егіпце, дэлегацыю ХАМАС узначальваў новы лідар групоўкі Халіль аль-Хая.

У ліпені «Рада міру» (Board of Peace), створаная з ініцыятывы Дональда Трампа, абвясціла пра дасягненне дамоўленасці аб «поўным раззбраенні» ХАМАС і іншых груповак у сектары Газа.

На мінулым тыдні Ізраіль адхіліў план Трампа, які складаецца з 15 пунктаў і прадугледжвае вывад ізраільскіх войскаў і аднаўленне сектара Газа пад кіраваннем новай цывільнай палесцінскай адміністрацыі.

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што вывад ізраільскіх войскаў не адбудзецца да таго часу, пакуль ХАМАС не будзе «сапраўды раззброены».

У нядзелю восем блізкаўсходніх краін выступілі з заявай, у якой асудзілі адмову Ізраіля прыняць гэты план.

«Рада міру» Трампа першапачаткова стваралася для ўрэгулявання сітуацыі ў сектары Газа, але пазней пашырыла сферу сваёй дзейнасці і цяпер, як сцвярджаецца, займаецца канфліктамі ва ўсім свеце.

Перамовы Кушнера з лідарам групоўкі сталі першай сустрэчай такога ўзроўню з моманту заключэння летась пагаднення аб спыненні агню ў сектары Газа.

Паводле звестак, у перамовах таксама ўдзельнічалі кіраўнікі «Рады міру» — балгарскі дыпламат Мікалай Младэнаў і былы прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тоні Блэр, а таксама прадстаўнікі Егіпта, Катара і Турцыі — краін, якія выступаюць пасярэднікамі ў мірным працэсе.

Афіцыйных заяў аб выніках перамоў зроблена не было; паведамляецца толькі, што яны былі прысвечаны мерам па раззбраенні ХАМАС, вывадзе ізраільскіх войскаў і пытаннях аказання гуманітарнай дапамогі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула