БЕЛ Ł РУС

Даляр зноў па тры рублі. Чаму так адбываецца і чаго чакаць далей

17.08.2026 / 18:48

Максім Мазыркевіч

Пасля таго як даволі працяглы перыяд даляр каштаваў менш за тры рублі, беларускі рубель зноў пераадолеў гэты псіхалагічны бар'ер. Спыталі ў эксперта, чаму так адбываецца і чаго варта чакаць далей.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media

Расійскі рубель страчвае яшчэ больш

Таннее не толькі беларускі рубель, але і расійскі. Эксперт BEROC Анастасія Лузгіна называе гэты факт асноўнай прычынай змены курсу рубля беларускага.

«Расійскі рубель слабее, і беларускі традыцыйна паўтарае за ім гэтую траекторыю. Пры гэтым, калі ж паглядзець на суадносіны беларускага рубля да расійскага, то беларускі, наадварот, умацоўваецца», — звяртае ўвагу экспертка.

Калі расійскі рубель за апошні месяц патаннеў у дачыненні да даляра прыкладна на 7,5% — з каля 79 да 85 рублёў, то беларускі рубель да амерыканскай валюты прасеў на 4,2% — з 2,88 да 3 рублёў за даляр.

Лузгіна тлумачыць наяўнасць такой розніцы тым, што наша валюта не мае жорсткай прывязкі да расійскай, хоць і з'яўляецца моцна залежнай ад курсавых ваганняў у Расіі.

Усё праз Расію

«Доля Расіі ў беларускім гандлі вельмі высокая, плюс шмат разлікаў праходзяць у расійскіх рублях. Таму беларускі рубель рэагуе на сітуацыю ў Расіі, але калі глядзець на ўнутрыбеларускія фактары, то прычын для зніжэння не назіраецца. Адпаведна, галоўная прычына, якая ўплывае на яго паслабленне, — гэта дынаміка расійскай валюты», — мяркуе экспертка.

На валютным рынку Беларусі ўсё стабільна. Насельніцтва прадае валюты больш, чым купляе. Рэзідэнты таксама апошні месяц прадавалі валюты больш, чым куплялі. Нават беларускія кампаніі, якія традыцыйна выступаюць чыстымі пакупнікамі валюты, па выніках ліпеня прадалі валюты больш, чым купілі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Атрымліваецца, што валюты на беларускім рынку дастаткова, што таксама відаць па золатавалютных рэзервах. Нацбанк за мінулы месяц купіў валюты прыкладна на 35 мільёнаў у даляравым эквіваленце.

Але пры гэтым курс рубля зніжаецца да даляра, еўра, юаня, і звязана гэта перш за ўсё з тым, што таннее рубель расійскі», — кажа эксперт.

Нягледзячы на тое, што на ўнутраным рынку Беларусі з валютай праблем няма, Беларускі рубель усё роўна будзе ісці за расійскім.

Чаму таннее расійскі рубель?

Што тычыцца прасядання рубля расійскага, то на яго дзейнічае шэраг фактараў, якія адбіваюцца на валютнай выручцы РФ.

«Цягам некалькіх месяцаў расійскі рубель адчуваў сабе дастаткова стабільна за кошт высокіх цэнаў на нафту, якія былі яшчэ ў красавіку-маі. Кантракты, заключаныя па высокіх цэнах, павялічвалі прыток валютнай выручкі ў РФ.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Dmitry Lovetsky / АР

Але паколькі разлікі па іх адбываюцца не адразу, то валютныя паступленні па раней заключаных кантрактах трапляюць на рахунак праз 1‑2 месяцы», — тлумачыць Лузгіна.

Атрымліваецца, што цяпер Расія атрымлівае плацяжы па кантрактах, заключаных у канцы чэрвеня — першай палове ліпеня, калі цэны былі ніжэйшыя, чым вясной.

Дальнабойныя санкцыі УСУ працуюць

Іншым важным фактарам, які ўплывае на валютны рынак у РФ, экспертка называе ўкраінскія ўдары па расійскіх НПЗ. У выніку Расія не толькі губляе частку валютнай выручкі за кошт экспарту нафтапрадуктаў, але і траціць валюту на закупку паліва ў іншых краінах.

Што тычыцца далейшых прагнозаў, то курс расійскага рубля шмат у чым будзе залежаць менавіта ад гэтых двух фактараў: сусветных цэн на нафту, удараў Украіны і здольнасці Расіі абараняць свае НПЗ і аднавіць працу раней выведзеных з ладу аб'ектаў.

Сярод іншых фактараў, якія аказваюць уплыў на валютны рынак РФ, Лузгіна называе наступленне сезону адпачынкаў, калі расце попыт на валюту з боку насельніцтва.

«Плюс з 7 жніўня Мінфін РФ стаў прыкладна на 20% больш купляць валюты ў рамках бюджэтнага правіла. Што таксама прыводзіць да больш слабага рубля», — адзначае Лузгіна.

Што далей?

На думку эксперткі, як мінімум у межах наступнага тыдня варта чакаць працягу падзення расійскага рубля, а разам з ім і беларускага. Аднак пазней набліжэнне новага падатковага перыяду ў РФ можа прывесці да павелічэння продажу валюты, што можа прынамсі прыпыніць зніжэнне курсу.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Таксама цяпер зноў выраслі цэны на нафту, што ў будучыні можа адбівацца на валютным рынку. Таму зніжэнне, якое назіраецца цягам апошняга часу, можа спыніцца», — адзначае Лузгіна.

Даляр — не адзіны паказчык

Пры гэтым эканамістка звяртае ўвагу, што аслабленне курсу адносна даляра ЗША цяпер больш плаўнае, чым магло б быць пры захаванні нязменнасці амерыканскай валюты, паколькі ў гэты ж перыяд сам даляр трохі патаннеў.

«Калі паглядзець на курс еўра, то аслабленне рубля да еўра будзе больш значным, чым да даляра», — звяртае ўвагу экспертка.

У Беларусі ж, прынамсі на бытавым узроўні, народ прывык арыентавацца ў першую чаргу на курс даляра, а не еўра. Пераадоленне псіхалагічнай адзнакі ў тры рублі можа зноў знізіць давер да нацыянальнай валюты. У выніку можа прыпыніцца бытавая дэдалярызацыя, калі пры стабільным курсе ніжэй за 3 рублі за даляр многія ўжо пачалі аддаваць перавагу рублям.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула