Сталі вядомыя абставіны смерці 36‑гадовай актрысы Панецьер, былой нявесты Уладзіміра Клічко
Пры званку ў 911 прагучала слова «перадазіроўка».
Хейдэн Панецьер і Уладзімір Клічко
Паводле крыніц выдання TMZ, актрысу знайшла мёртвай сяброўка ў доме ў Грынвіле, штат Паўднёвая Караліна. Званок у службу 911 паступіў у нядзелю а 13:51 па мясцовым часе. У аўдыязапісу выкліку гучыць слова «перадазіроўка» (overdose), а таксама паведамленне пра тое, што пацярпелай робяць сардэчна-легачную рэанімацыю.
Невядома, ці менавіта хлопец Панецьер Браян Хікерсан, з якім яна перыядычна сустракалася, тэлефанаваў у экстранныя службы.
Аднак ажывіць Панецьер не ўдалося. У 14:32 канстатавалі яе смерць.
Паводле паліцыі, першасных прыкмет гвалту не выяўлена, абставіны смерці не выглядаюць падазронымі.
Раней актрыса публічна прызнавалася, што змагалася з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю, а таксама з дэпрэсіяй.
Хейдэн Панецьер стала вядомая дзякуючы ролі Клэр Бэнэт у серыяле «Героі», а таксама здымкам у «Нэшвіле», франшызе «Крык» і фільме «Памятай Тытанаў».
Акрамя кінакар'еры, актрыса прыцягвала ўвагу грамадскасці сваімі стасункамі з украінскім баксёрам Уладзімірам Клічко.
Пара пачала сустракацца ў 2009 годзе, праз чатыры гады абвясціла пра заручыны, а ў 2014‑м у іх нарадзілася дачка Кая. Пасля расстання бацькоў у 2018 годзе дзяўчынка засталася жыць з Уладзімірам Клічко.