Ці могуць мужчыне адмовіць у дэкрэтным адпачынку па доглядзе за дзіцём?
У Беларусі бацька таксама можа аформіць адпачынак па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім трох гадоў. Пры гэтым наймальнік не мае права адмовіць у такім адпачынку, нагадалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Каб аформіць адпачынак на сябе, бацьку спачатку неабходна атрымаць на месцы працы маці даведку пра тое, што яна не знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцём і не атрымлівае адпаведную дапамогу. У даведцы таксама павінна быць пазначана, што маці выйшла на працу.
Пасля гэтага бацька падае свайму наймальніку заяву на адпачынак па доглядзе за дзіцём. Да заявы трэба прыкласці пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, даведку аб складзе сям'і і даведку з месца працы маці.
Трохгадовы адпачынак можна дзяліць паміж бацькамі. Напрыклад, маці можа знаходзіцца ў ім першыя два гады, а бацька — апошні год.
На перыяд такога адпачынку бацьку прызначаецца штомесячная дзяржаўная дапамога. Калі бацька пачынае атрымліваць яе, маці перастаюць выплачваць дапамогу з канца месяца, у якім яна падала заяву аб спыненні выплат.
Акрамя таго, права на адпачынак па доглядзе за дзіцём да трох гадоў і адпаведную дапамогу маюць не толькі бацькі, але і бабулі ды дзядулі, якія працуюць.
Чытайце таксама:
Беларусы горача спрачаюцца, ці варта прывязваць дапамогу на дзіця да заробку маці
Міністр адказаў на чуткі пра скарачэнне дэкрэтнага адпачынку ў Беларусі
З 1 сакавіка з'явіліся дзіцячыя садкі для малых да двух гадоў. Што пра гэта думаюць бацькі?