Беларусы горача спрачаюцца, ці варта прывязваць дапамогу на дзіця да заробку маці
«Чым дзіця санітаркі горшае за дзіця замдырэктара?» У сацсетках актыўна абмяркоўваюць новую ініцыятыву чыноўнікаў. Якія аргументы за і супраць?

Беларускія ўлады спрабуюць зразумець, як выратаваць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне.
Аляксандр Лукашэнка нядаўна запатрабаваў, каб урад знайшоў варыянт, што ажывіць дэмаграфічныя працэсы. Чыноўнікі прапанавалі перагледзець падыходы да памераў дапамогі на дзяцей. Яны цяпер аднолькавыя для ўсіх. Урад жа прапануе прывязаць памер дапамогі да заробкаў атрымальніка.
Пры гэтым паабяцалі: маці маленькіх дзяцей не будуць атрымоўваць менш, чым цяпер.
Але адразу загаварылі пра магчымы максімум — яго прапаноўваюць прывязаць да намінальнай налічанай сярэдняй заработнай платы работнікаў у Беларусі (у чэрвені яна склала 3104 рублі).
Пакуль не зразумела, па якой менавіта формуле будуць вылічваць выплаты. На дадзены момант у Беларусі памер дапамогі на дзіця да 3 гадоў складае 35% ад сярэдняй зарплаты па краіне (на першае дзіця) і 40% (на другое і наступных). Сёлета ў жніўні гэта 1057,7 рубля і 1208,8 рубля адпаведна.
Калі будуць карыстацца менавіта гэтай формулай, то атрымліваецца, што павышэнне выплат закране няшмат каго з жанчын. Бо, каб атрымліваць максімальныя 3,1 тысячы рублёў дапамогі штомесяц, неабходна, каб заробак маці быў больш за 9 тысяч рублёў.
Імаверна, беларускія чыноўнікі разгледзяць досвед краін-суседак Беларусі. Напрыклад, у Расіі маці атрымліваюць 40% ад свайго сярэдняга заробку за папярэднія два гады — выплаты ідуць усяго да 1,5 гадоў дзіцяці.
У Літве маці сама можа выбраць, на колькі пойдзе ў адпачынак па доглядзе за дзіцем: калі на 18 месяцаў — яна будзе атрымліваць 60% зарплаты, калі на 24 месяцы — 45% да года дзіцяці і 30% з года да двух.
Пакуль незразумела, які канкрэтна шлях абяруць у Беларусі, але актыўныя спрэчкі ў сацсетках ужо пачаліся.
Большасць жанчын у захапленні ад ідэі. Маўляў, лагічна, што той, хто зарабляў больш і больш плаціў падаткаў, і атрымае больш.
«Чаму гэты закон не прыдумалі, калі я была ў дэкрэце. Сыходзіла з кіраўнічай пасады з вельмі добрай зарплатай. Прыйшлося шукаць іншыя дадатковыя магчымасці працаваць у дэкрэце, каб не прасядаць у прыбытках».
«Згодна, я працую на 2 працах не для таго, каб потым атрымоўваць грошы нароўні з тымі, хто толькі нараджае».
«Даўно пара гэта зрабіць. І ўсё па справядлівасці. Хто не працуе, той няхай мінімалку і атрымлівае. А тыя, хто працуе ўсё жыццё, адлічвае падаткі, павінны атрымліваць у адпаведнасці са сваім заробкам. А то ўвогуле неяк несумленна выходзіць. Я павінна пайсці з працы на мінімалку ў тры разы менш. З чаго б раптам? І чаму маё дзіця павінна быць на адным узроўні з дзіцем той мамы, якая жыве за кошт дапамогі? Хто на што вучыўся і працаваў. Усё слушна».
«Як па мне, усё правільна робяць. Чаму чалавек з большым заробкам павінен ушчамляць сябе ў дэкрэце? Няхай атрымліваюць больш, і гэта правільна. Нам хапае і таго, што плаціць дзяржава зараз. Дарэчы, мы шматдзетная сям'я і заробак да дэкрэта ў мяне быў 1100».
Праціўнікі ідэі лічаць, што прывязка да прыбыткаў маці прывядзе да дыскрымінацыі дзяцей — бо патрэбы ў немаўлят аднолькавыя.
А тое, што нехта зарабляў менш, не паказчык таго, што чалавек быў менш карысным для краіны. Напрыклад, у Беларусі няшмат зарабляюць выхавацелькі ў дзіцячых садках, настаўніцы ў школах, доктаркі і медсёстры.
«Вы з такім грэбаваннем сказалі «на нізкааплатных працах». Але і гэтую працу таксама трэба некаму выконваць. І гэтыя людзі таксама могуць хацець сям'ю, дзяцей».
«Ёсць жанчыны, якія працуюць у дзіцячых садах, бальніцах, крамах, на фабрыках, дзе іх заробак не космас, але без гэтых жанчын вы не атрымаеце тое, што атрымліваеце на штодзённай аснове па даступных расцэнках. Дапусцім, жанчыны адмовяцца працаваць у дзіцячым садку — вам давядзецца наймаць няню. Гэта будзе дарагім задавальненнем у параўнанні з садам. Плацяць не маме, а дзіцяці! Дык чым ваша дзіця лепшае за дзіця жанчыны, у якой была сярэдняя зарплата па краіне?»
«Пачакайце, у мяне вышэйшая адукацыя, я працую настаўніцай і мае дзеці, атрымліваецца, горшыя за іншых? Зарплаты ў настаўнікаў не вельмі высокія і далёка не 3 тысячы. Я таксама лічу, што гэта несправядліва».
«А я вось нязгодная, бо на перыферыі зарабляць шмат нерэальна».
«А цяпер падумайце, чым дзіця, якое нарадзілася ў санітаркі, горшае за дзіця, якое нарадзілася ў замдырэктара? Ці першаму есці менш ды цацкі пагорш?»
Апаненты адказваюць: маўляў, жыццё дзяцей у сем’ях з розным прыбыткам будзе заўсёды адрознівацца. І пасля 3 гадоў дзіця, у якога маці вярнулася на працу з зарплатай 900 рублёў, і дзіця, маці якога зарабляе 6 тысяч, будуць жыць вельмі па-рознаму.
Нехта дапускае, што сістэма прывязкі дэкрэтных да заробкаў будзе стымуляваць татаў ісці ў адпачынак па доглядзе дзіцяці, бо, як правіла, у беларускіх сем’ях мужчыны зарабляюць больш.
Зрэдку гучаць і меркаванні, што немагчыма матываваць «дэкрэтнымі» людзей нараджаць больш. Бо, калі муж з жонкай разумеюць, што іх заробкаў хопіць толькі на адно дзіця, дык другога яны нараджаць не будуць ні ў якім выпадку. Тры гады дэкрэту скончацца, а сына ці дачку потым усё роўна трэба карміць, апранаць ды збіраць грошы на вучобу ў ВНУ.
«Нарадзіць добра, але колькі грошай трэба, каб дзіця ўтрымліваць да — рэальна глядзім на рэчы — атрымання дыплома… Я больш, чым на адно дзіця, не зарабляю».
Падчас абмеркавання ўсплыло яшчэ шмат праблем, якія не спрыяюць паляпшэнню дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.
Адна з самых папулярных — складанасці з вырашэннем кватэрнага пытання: «Думаю, многія не супраць нарадзіць хоць футбольную каманду. Пытанне не толькі ў тым, як іх апрануць і накарміць. Галоўнае пытанне — дзе жыць. Раней кватэры раздавалі проста так, а зараз кошт кватэр такі, што многім проста не пад сілу».
Жанчыны скардзяцца на праблему з аліментамі. Бо пасля разводу шмат татаў знікае недзе за гарызонтам і ці ўвогуле нічога не плацяць на ўтрыманне дзіцяці, ці спецыяльна «на паперы» заніжае ўзровень сваіх прыбыткаў.
«Колькі нараджаць дзяцей — прэзідэнт умешваецца ў працэс, але калі развод, тут жанчына ніяк не абаронена. Дзеці часцей застаюцца з ёй, аліменты мінімальныя, маёмасць напалову. Умешваўся б у гэты працэс! Хай бы і маёмасць дзялілася на долі дзяцей, дык жанчына хоць як была б застрахавана».
Кажуць пра жахі, з якімі сутыкаюцца беларускі ў радзільнях: «Медыцына на нулі. Якое «больш нараджаць»? Спецыялістаў нармальных па пальцах пералічыць. Стаўленне да парадзіхі ў радзільні ніжэй за плінтус. Дыягностыка ніякая, столькі паталогій прапускаюць. Нарадзіла аднаго, выжыла, дзіця здаровае і гэта ўжо вялікае дасягненне».
«Я не нараджаю праз тое, што прайшло амаль пяць гадоў, а мне да гэтага часу сняцца кашмары пра радзільны дом. Стаўленне да парадзіх — гэта проста дно».
«Я не нараджаю праз адсутнасць уласнага жылля і адносіны да парадзіх у радзільных дамах. Нават больш праз другі пункт, бо жыццё дорага».
Пенсійная рэформа (калі ў Беларусі адчувальна паднялі ўзрост выхаду на пенсію) таксама паўплывала на бацькоў — бо ранейшыя пакаленні маглі разлічваць на дапамогу бабуль. Таму гучаць прапановы перайграць гэтую сітуацыю: «Адпускайце бабуль раней на пенсію, каб мамы ў дэкрэце не загіналіся, а была дапамога».
Кажуць і пра тое, як непаважліва ставяцца да маці на працы: «Умольваць трэба, каб схадзіць з дзіцем на бальнічны, ранішнік».
«Прыходзіш на працу, як чуюць, што 2 ці 3 дзіцяці, дык адразу: «Будзеш на бальнічныя хадзіць, дзякуй, да пабачэння». Несправядліва! Як нараджаць і дзе потым працаваць?!».
Каментары