У Мексіцы выратавалі рыбака, які 15 дзён правёў у падводнай пячоры без ежы
31‑гадовы Эраста Крысанта Вальдэс выжыў пасля таго, як заблукаў у падводнай пячоры на глыбіні больш за 100 метраў. Больш за два тыдні ён знаходзіўся ў поўнай цемры, без ежы і магчымасці зразумець, дзень цяпер ці ноч, піша Bild.
23 ліпеня Вальдэс адправіўся на рыбалку разам з бацькам і нырнуў у сенот — запоўненую вадой карставую пячору, злучаную з падземнай сістэмай. Падчас палявання на рыбу з гарпуном ён заплыў занадта далёка і страціў арыентацыю.
У пячоры рыбак знайшоў паветраную поласць, дзе мог дыхаць. Ваду ён піў з падземнай ракі.
Пошукі працягваліся 15 дзён. За шэсць дзён да выратавання ратавальнікі знайшлі яго гарпун на глыбіні каля 65 метраў, але самога мужчыны побач не было. Да пошукавай аперацыі далучылася міжнародная каманда з Мексікі, Германіі, ЗША і Дамініканскай Рэспублікі.
Урэшце амерыканскі дайвер, які спецыялізуецца на даследаванні пячор, знайшоў сухую поласць. Ён закрычаў і пачуў адказ Вальдэса. Так ратавальнікі змаглі знайсці рыбака і вывесці яго на паверхню.
Мужчына быў моцна знясілены і пасля выратавання трапіў у бальніцу. Паводле медыкаў, яго жыццю цяпер нічога не пагражае.
Пазней Вальдэс расказаў, што ўвесь гэты час думаў, нібыта знаходзіцца ў пячоры ўсяго каля трох дзён.
Чытайце таксама:
Падводныя археолагі знайшлі ў Сенненскім раёне артэфакты III тысячагоддзя да нашай эры
На дне Бодэнскага возера знайшлі карабель XV стагоддзя
З пачатку вайны ў Чорным моры магло загінуць да 100 тысяч дэльфінаў
На возеры пад Полацкам знайшлі цела вядомага ўролага Генадзя Шчатко