БЕЛ Ł РУС

ГУР Украіны: Перамір'я ў гэтым годзе не будзе

18.08.2026 / 08:37

Nashaniva.com

У планах Пуціна — завяршыць захоп Данецкай вобласці да канца гэтага года.

Фота: Wolfgang Schwan / Anadolu via Getty Images

На гэты момант няма ніякіх прыкмет таго, што Расія гатовая заключыць перамір’е, таму не варта спадзявацца на спыненне агню да канца года. Пра гэта заявіў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны генерал-маёр Вадзім Скібіцкі ў інтэрв’ю РБК-Украіна.

«Аналітыкі ГУР МА Украіны ў сваім аналізе зыходзяць з таго, што на полі бою няма ніякіх прыкмет, якія б сведчылі пра гатоўнасць Расіі спыніць агонь і пачаць нармальныя перамовы. Іх планы такія, і гэта тое, пра што яны кажуць: да канца гэтага года ніякіх дамоўленасцяў і падпісання мірнага пагаднення не будзе», — сказаў ён.

Скібіцкі адзначыў, што ў планах Пуціна — завяршыць захоп Данецкай вобласці да канца гэтага года.

Так, паводле звестак вайсковай разведкі, расіяне працягнуць наносіць удары па аб’ектах абаронна-прамысловага комплексу, ваенных аб’ектах, энергетыцы, лагістычнай сістэме і АЗС. Пры гэтым праціўнік б’е не толькі па вайсковых, але і па цывільных аб’ектах.

«Узімку наша найбольш уразлівае месца — электраэнергія і ацяпленне, таму яны таксама могуць апынуцца пад атакай. Напрыклад, не так даўно расіяне распрацавалі беспілотнік, прызначаны для знішчэння электрычных апор — ЛЭП. У яго крылах закладзены выбуховы элемент, здольны перарэзаць метал», — адзначыў Скібіцкі.

Ён таксама пацвердзіў, што пад пагрозай знаходзіцца і сістэма водазабеспячэння, паколькі гэта адзін з крытычна важных элементаў. Акрамя таго, восенню і зімой пад ударамі зноў могуць апынуцца газатранспартная сістэма і здабыча газу ў Палтаўскай і Харкаўскай абласцях, якія праціўнік ужо атакаваў раней.

Скібіцкі таксама адзначыў, што ў планах агрэсара ёсць і масты праз Дняпро, паколькі гэта таксама крытычная інфраструктура.

«Расійскія войскі апошнім часам б’юць па мастах у прыфрантавых абласцях — на Сумшчыне, Харкаўшчыне, Чарнігаўшчыне. Яны сістэмна атакуюць крытычна важныя масты ў Затоцы і Маяках, якія з’яўляюцца вельмі важнымі элементамі нашай транспартнай сістэмы. Калі аб’ект становіцца найбольш крытычным для нас — тады праціўнік пачынае па ім працаваць», — падкрэсліў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула