БЕЛ Ł РУС

Стваральніца сеткі кафэ Myloverberry распавяла, як разам з мужам загнала паспяховы бізнэс у даўгі

19.08.2026 / 10:00

Арына Жураўская

Не так даўно Арцём і Ксенія Быкоўскія хваліліся, як студэнтамі зарабілі на клубніцах у шакаладзе на ўласнае кафэ — а потым адкрылі яшчэ некалькі. Цяпер ад былога поспеху засталіся толькі шалёныя даўгі. Брэнд прададзены, сям’я развалілася, любімага коргі ледзь не арыштавалі.

Ксенія Быкоўская (Шчасная). Тут і далей скрыншоты яе інстаграма

Усяго некалькі гадоў таму гісторыя Арцёма і Ксеніі заварожвала тысячы беларусаў. Там было ўсё: і падлеткавае каханне, якое перарасло ў шлюб, і сумесны паспяховы бізнэс з нуля…

Калі пара пазнаёмілася, Арцёму было 18 гадоў, а Ксеніі ўсяго 16. Яна з сяброўкай зайшла ў кафэ, дзе хлопец падпрацоўваў афіцыянтам. А далей завярцелася-закруцілася.

Ужо калі закаханыя вучыліся ў БНТУ, яны падгледзелі ў Маскве ідэю прадаваць клубніцы ў шакаладзе. На ім пара спадзявалася зарабіць на вяселле сваёй мары. Набылі неабходны мінімум абсталявання і пачалі вырабляць тыя самыя клубніцы на кухні Ксеніі.

Пасля ў інтэрв’ю хлопец з дзяўчынай распавядалі, што ідэя не спадабалася бацьку Арцёма — вайсковец лічыў занятак несур’ёзным для будучага інжанера-будаўніка. Не ў захапленні былі і выкладчыкі, якія думалі, што студэнты дзённай формы навучання мусяць вучыцца, а не клубніцы ў шакалад акунаць.

Але ж маладых людзей чужое меркаванне не спыніла. Праз год такой працы яны купілі за $3500 першую машыну і з'ездзілі на адпачынак у Егіпет.

У 2022 арганізавалі шыкоўнае вяселле, а яшчэ адкрылі першае кафэ Myloverberry у «Мінск-Свеце». Сям’я распавядала, што ўклала ў праект $70 тысяч, якія зарабілі на клубніцах.

Стаўку вырашылі зрабіць на інстаграмны інтэр’ер і смачныя дэсерты. Дарэчы, дзякуючы гэтаму амаль не прыйшлося ўкладвацца ў рэкламу: прыгажуні самі ахвотна фатаграфаваліся ў ружовых інтэр’ерах, публікавалі здымкі ў сваіх сацсетках і адзначалі кафэ.

У 2023 годзе Арцём і Ксенія адкрылі яшчэ адно кафэ ў Мінску, а ў 2024 — у Гродне. Таксама была ўласная вытворчасць і памяшканне для майстар-класаў. Пара выхвалялася, што мае абарот 2,5 мільёна рублёў на год. Але ж ужо тады брала грошы ў крэдыт на адпачынак, каб пазагараць на Пхукеце.

Літаральна праз некалькі месяцаў пасля таго, як шчаслівая сям’я распавядала пра свой паспяховы поспех, з'явілася абвестка пра тое, што сетка кафэ Myloverberry прадаецца за $400 тысяч.

А пастаянныя кліенты кафэ яшчэ раней пачалі заўважаць, што адбываецца нешта не тое — калі ў Myloverberry адсутнічала амаль палова меню.

Сёлета Ксенія вырашыла распавесці праўду пра шалёныя даўгі і растлумачыла, у які момант усё пайшло не так.

— На самым піку ў нас было 73 супрацоўнікі ў штаце. І ўсё было сапраўды крута, пакуль на пяцігоддзі нашага брэнда мы не абвясцілі, што пашыраемся і адчыняем новае вялікае кафэ рэстараннага тыпу. Да таго часу мы ўжо арандавалі памяшканне на праспекце Дзяржынскага і ўзялі крэдыт на стварэнне кафэ.

Ксенія прызнаецца: яны з мужам былі настолькі шчаслівыя ад пашырэння, што зрабілі вялікую памылку — перасталі глядзець на цэны. Праз гэта на рамонт патрацілі ў 2,5 разу больш, чым планавалі. Больш за $150 тысяч сышло на адкрыццё Myloverberry Tropic.

А адначасова з гэтым сям’я працавала над адкрыццём кафэ ў Гродне, а таксама над стварэннем дызайнерскага памяшкання для майстар-класаў.

— Грошай ад крэдытавання ў нас не засталося, і нам прыйшлося пазычаць вялізныя сумы ў знаёмых і сяброў. Тады мы яшчэ не разумелі, што вялізны касавы разрыў ужо пачаўся, і весяліліся сваім вялізным калектывам на нашым навагоднім карпаратыве.

Адкрыццё кафэ ў Гродне прайшло паспяхова, было шмат гасцей з першых дзён. Выручка была нядрэннай. Але на галаву звалілася нечаканая праблема — пераход на новую сістэму падаткаабкладання.

— Да гэтага не былі гатовы ні мы, ні наша бухгалтэрыя. У пачатку студзеня нам трэба было выдаткаваць суму, якой у нас не было — каля 90 тысяч рублёў. Прыйшлося прадаць кватэру ад маіх бацькоў, каб выплаціць гэты падатак.

Арцём з Ксеніяй не гублялі надзеі і шукалі ўсе варыянты павысіць даходы. Напрыклад, рабілі трэндавы дубайскі шакалад, які прадавалі праз «Вайлдберыз». Шакаладкі, дарэчы, зноў гатавалі ўдвух.

— Кандытары нам не дапамагалі, бо мы не маглі своечасова выплачваць ім зарплату. У той момант вы ўжо заўважылі, што ўсё было дрэнна. Вы пачалі пісаць, што палова меню адсутнічае — бо ў нас банальна не было грошай, каб закупіць прадукты.

Напрыканцы 2025 года нарэшце атрымалася прадаць брэнд Myloverberry (пад ім засталося працаваць толькі адно кафэ), іншыя памяшканні таксама прададзены. Але ж стваральніцы неабходна пагасіць $130 тысяч доўгу.

— У мяне машына і кватэра агулам каштуюць менш. Не тое, каб гэта было зусім нечакана, мы ведалі, што такое будзе. Проста ні ліста мне не даслалі, нічога. Адразу заблакавалі рахункі.

Ксенія тлумачыць: доўг утварыўся праз той крэдыт, які яны бралі ў банку на развіццё бізнэсу.

— Мы выплачвалі крэдыт паўтара года, але потым здарыліся абставіны, пасля якіх бізнэс ужо не мог выплачваць гэты крэдыт, і мы чакалі, пакуль крэдыт перакінуць на нас як на фізічных асоб. Вось яго і перакінулі.

Арышт наклалі не толькі на рахункі, але і на машыну. Кватэру забраць не могуць, бо гэта адзінае жыллё, але прыехалі туды апісаць усю маёмасць і канфіскавалі што было магчыма.

Жанчына здзівілася таму, што забраць хацелі нават іх сабаку. Але яна не змагла знайсці дакументы, дзе пазначана, хто канкрэтна набываў коргі.

— Мы спачатку падумалі, што гэта жарт. І спыталі: «А што вы будзеце з ёй рабіць? Навошта вам сабака?». На што нам сур'ёзна адказалі, што сабаку аддадуць на «Фаўну горада». Канечне, нашага сабаку мы нікому не аддадзім.

У каментарах Ксенія дадала, што таксама мае доўг перад сябрамі і знаёмымі — яшчэ $60 тысяч.

Сёлета ў сярэдзіне чэрвеня Арцём паляцеў працаваць у Грузію. Ксенія спадзявалася, што, калі ў мужа атрымаецца замацавацца на новым месцы, яна пераедзе да яго.

— Да гэтай падзеі мы рыхтаваліся даўно. Вельмі няпростае было рашэнне, бо мы ніколі не расставаліся больш, чым на пару дзён. А тут невядома, калі я змагу прыехаць да яго, бо ў любы момант мне могуць паставіць нявыезд з краіны. Ад гэтага і страшна… Але глупствам было б не паспрабаваць, калі табе даюць такі шанец атрымаць новыя веды і досвед у працы.

Але нядаўна Ксенія прызналася падпісчыкам, што яе адносіны з мужам скончаныя — і яна сама не разумее, як так атрымалася.

Чытайце таксама:

У Мінску да канца года абяцаюць адкрыць велізарны гандлёвы цэнтр, які будуецца ўжо 15 гадоў

У мінскім аэрапорце адкрылі два кафэ Mak.by

У Магілёве мужчына разграміў кафэ праз песню Газманава

У Гродне ёсць незвычайнае кафэ, дзе пасаду дырэктара займае кот Туман

Каментары да артыкула