БЕЛ Ł РУС

Мінздароўя памяняла пералік хвароб, пры якіх забаронена кіраваць аўтамабілем

18.08.2026 / 20:38

Nashaniva.com

Міністэрства аховы здароўя Беларусі абнавіла пералік захворванняў і супрацьпаказанняў, пры якіх забаронена кіраваць аўтамабілямі, трактарамі, самаходнымі машынамі і маламернымі маторнымі суднамі. Адпаведную пастанову апублікаваў Нацыянальны прававы партал.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media

Змены прадугледжваюць у шэрагу выпадкаў больш шырокі допуск да кіравання. У прыватнасці, скарочаныя тэрміны забароны на кіраванне пасля ўстаноўкі электракардыёстымулятара або кардыявертэра-дэфібрылятара, а таксама пасля няўскладненага інфаркту міякарда.

Кіраваць трактарам цяпер змогуць і людзі з ампутацыяй адной ніжняй канечнасці вышэй за ўзровень перадплюсна-плюсневага сустава, калі яны карыстаюцца пратэзам.

З пераліку супрацьпаказанняў выключылі цяжарнасць.

Адначасова ў пералік дадалі адзінкавы сутаргавы прыступ — пры выкананні пэўных умоў для допуску да кіравання. Таксама ўлічваецца ўжыванне псіхаактыўных рэчываў, нават калі яно яшчэ не прывяло да выяўленых наступстваў для здароўя.

Людзей, якія ўжываюць псіхаактыўныя рэчывы, у некаторых выпадках могуць дапусціць да кіравання пры ўмове штоквартальных медыцынскіх прафілактычных аглядаў. Для гэтага спатрэбіцца заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі, а агляд будзе праводзіцца раз на год. Таксама прадугледжаная магчымасць спыніць абавязковыя медагляды на падставе заключэння псіхіятра-нарколага.

У Міністэрстве аховы здароўя адзначылі, што новыя правілы дазволяць некаторым кіроўцам пасля перанесеных захворванняў сардэчна-судзіннай сістэмы і апорна-рухальнага апарату вяртацца да працы пасля перыяду часовай непрацаздольнасці без страты прафесіі. Пры гэтым уключэнне ў пералік абмежаванняў, звязаных з ужываннем псіхаактыўных рэчываў, павінна павысіць бяспеку дарожнага руху.

Пастанова Міністэрства аховы здароўя №83 ад 10 ліпеня 2026 года набыла моц 16 жніўня.

Чытайце таксама:

Мінздароўя прыпыніла працу буйнога прыватнага медцэнтра «Лазар» у Баранавічах

Якія льготы страцяць жыхары Гомеля праз вывад горада з чарнобыльскай зоны

650 рублёў замест 12 тысяч. У Беларусь прывезлі новую дарагую вакцыну — вось навошта яна патрэбная

Каментары да артыкула