Шэсць зліткаў золата аддаў дзесяцігадовы школьнік за «свабоду» бацькоў
Аператыўнікі крымінальнага вышуку Цэнтральнага РУУС Мінска затрымалі 20‑гадовага кур’ера тэлефонных махляроў, які як мінімум двойчы забіраў грошы ў падманутых дзяцей.
У першым выпадку ён забраў у 10‑гадовага сталічнага школьніка барсетку, у якой знаходзіліся 18 тысяч даляраў і шэсць зліткаў золата, паведамляе прэс-служба МУС.
Хлопчык быў запалоханы і думаў, што ратуе сваіх бацькоў ад арышту. Напярэдадні махляры прымусілі яго назваць код з SMS-паведамлення, а потым пераканалі, што такім чынам ён дапамагаў злачынцам. І таму цяпер нібыта павінен задэклараваць ашчадак сваёй сям’і.
Атрымаўшы сумку, кур’ер абмяняў золата на валюту і схаваў усе грошы ў абумоўленым месцы для наступнага пасрэдніка. Аналагічным чынам ён забраў грошы ў падлетка ў Скідзелі.
Пасля затрымання мінчанін патлумачыў, што знайшоў вакансію кур’ера на сайце для пошуку працы і не разумеў, што дапамагае махлярам выкрадаць чужыя грошы.