Ва Украіне расследуюць справу злачыннай арганізацыі з удзелам дэпутатаў і высокапастаўленых асоб адміністрацыі прэзідэнта
Антыкарупцыйныя органы праводзяць маштабную спецаперацыю ў Офісе прэзідэнта Украіны і сярод дэпутатаў.
Калаж: «Украінская праўда»
Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны (НАБУ) і Спецыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура (САП) распачалі спецаперацыю па выкрыцці злачыннай арганізацыі, якой, па даных следства, кіравалі дзейны і былы народныя дэпутаты пры ўдзеле высокапастаўленых чыноўнікаў Офіса прэзідэнта Украіны.
Паводле заявы НАБУ, у злачынную групоўку ўваходзілі нардэпы, кіраўнічыя асобы з Офіса прэзідэнта Украіны і шэраг іншых службоўцаў.
Як паведамляюць крыніцы выдання «Украінская праўда», следчыя дзеянні і вобшукі праходзяць у народнага дэпутата Вадзіма Столара (абранага ад ужо забароненай партыі «Апазіцыйная платформа — За жыццё») і намесніцы кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Ірыны Мудрай.
На гэты момант НАБУ і САП афіцыйна не раскрываюць поўны спіс імёнаў усіх фігурантаў і іншыя падрабязнасці спецаперацыі.