Брэндавая сумачка за $4 тысячы і брыльянты. Віцэ-міс Беларусі Алія Кароткая схадзіла з сяброўкай паесці дранікаў
Есці дранікі з трыма відамі ікры прыгажуня — і па сумяшчальніцтве новая спадарожніца Лукашэнкі — адправілася ў рэстаран «Лебядзіны».
Алія Кароткая. Тут і далей фота з яе інстаграма
Мяркуючы па сторыс, у рэстаран Алія пайшла ў кампаніі Яні Бараноўскай. Тая таксама ўдзельнічала ў конкурсе «Міс Беларусь» (у 2021 годзе) — і стала штатнай прыгажуняй Лукашэнкі.
Алія Кароткая і Яня Бараноўская
Бараноўская, дарэчы, нядаўна паспяхова выйшла замуж, пераехала з мужам у Маскву і запусціла свой брэнд адзення.
За абедам Алія шмат пазіравала для фота — відаць, хацела прадэманстраваць дэталі свайго вобраза. А пахваліцца сапраўды ёсць чым. Прыгажуня асобна пафатаграфавала сваю сумачку Saint Laurent Gaby Vanity. У амерыканскай краме такая каштуе $2700.
Але сумачка дзяўчыны — падарунак за ўдзел у конкурсе прыгажосці «Міс БРІКС». Сумачку ёй прэзентавалі ў пакеце з лагатыпам расійскага ЦУМа, а там аксесуар каштуе значна даражэй, чым у ЗША — амаль што $4 тысячы.
Алія какетліва дэманструе і залаты бранзалет з, імаверна, брыльянтамі. Візуальна ён вельмі падобны да легендарнага «цвіка» ад Cartier, пра які мараць усе інста-дзівы. На афіцыйным сайце бранзалеты Juste un Clou каштуюць ад $4180 і да $98000.
Але наканечнік бранзалета Аліі адрозніваецца ад арыгінальнай мадэлі Juste un Clou ад Cartier. Падобна, што гэта кастамная копія: такія каштуюць прыблізна ад тысячы да дзесяці тысяч даляраў — залежыць ад таго, якія там камяні.
Справа арыгінальны Juste un Clou ад Cartier, які каштуе больш за 50 тысяч даляраў
Нагадаем, Алія Кароткая ўдзельнічала ў «Міс Беларусь» двойчы. Упершыню ў 2023 годзе, тады ёй споўнілася 18 гадоў. Прызавых месцаў Алія не заняла, затое яўна прыглянулася Лукашэнку: ён узяў яе ў службу пратакола — світу прыгажунь, якія суправаджаюць яго на афіцыйных прыёмах.
У 2025 годзе Алія ўжо атрымала тытул першай віцэ-міс. У яе інстаграме рэгулярна можна пабачыць здымкі з мерапрыемстваў, у якіх удзельнічае Лукашэнка. Напрыклад, летась яна танчыла на яго балі.
У маці Аліі, Дзіяны, першы і апошні запіс у працоўнай кніжцы з’явіўся ў 2018 годзе — «Нацыянальная школа прыгажосці». Невядома, чым жанчына там займалася, але праца была па кантракце. Да таго моманту яе дачка ўжо некалькі гадоў навучалася ў гэтай школе. Дзякуючы ейным поспехам Дзіяна пачала ўласны бізнэс, пісала «Бюро».
У 2025 годзе жанчына стварыла брэнд адзення «Кіалі». Алія цяпер называе сябе яго дызайнеркай і рэгулярна піярыць сукенкі.
Сёлета дзяўчыну адправілі ад Беларусі ў Казань на першы конкурс прыгажосці «Міс БРІКС», які арганізавала Расія.
Арганізатары завалілі дзяўчат падарункамі. Алія рабіла распакоўку ў сваім інстаграме, і дэманстравала падпісчыкам, што атрымала. Сярод падарункаў былі навушнікі AirPods Max, касметычны бокс Dior, фен-стайлер BORK, наборы касметыкі b.colour, SenSulu і Lic. І тая сумачка Saint Laurent Gaby Vanity.
Чытайце таксама:
Новая спадарожніца Лукашэнкі — фіналістка конкурсу прыгажосці «Міс БРІКС» Алія
«Міс Беларусь» усё больш нагадвае конкурс прыгажосці ў гарэме
Дзве дзяўчыны з кавуновага батальёна Лукашэнкі запусцілі свой брэнд адзення. Здаецца, не ў Беларусі
Стала вядома, дзе працуе фаварытка Лукашэнкі Уладлена Зайцава