Грамадства4141

Новая спадарожніца Лукашэнкі — фіналістка конкурсу прыгажосці «Міс БРІКС» Алія

У атачэнні Лукашэнкі ўсё часцей з’яўляецца маладая шатэнка — Алія Кароткая. Як заведзена, увагу кіраўніка Беларусі яна прыцягнула на конкурсах прыгажосці. Дзяўчына паспела паўдзельнічаць у некалькіх: ад рэгіянальных «Міс Мінск» і «Міс Viva Braslav» да рэспубліканскага «Міс Беларусь» (двойчы) і міжнароднага «Міс БРІКС». Такая ўпартасць дапамагла з кар’ерай не толькі ёй, але і бізнэсу ейнай сям’і — між іншага, і без таго даволі заможнай, піша «Бюро».

Конкурс для сваіх

У сакавіку 2026 года ў Казані прайшоў першы ў гісторыі конкурс прыгажосці «Міс БРІКС». Яго арганізавала Расія, запрасіўшы да ўдзелу толькі дружалюбныя краіны. Такіх набралася ўсяго 17 — і сярод іх, вядома, апынулася Беларусь. Нашую краіну прадстаўляла 22‑гадовая мінчанка Алія Кароткая. Яна заняла трэцяе месца і атрымала прыз сімпатый гледачоў.

У сваім інстаграме дзяўчына падрабязна асвятляла конкурс і яго бэкстэйдж. Хвалілася, што кожнага дня выбірала стравы з «меню для гурманаў». З захапленнем пісала пра сустрэчы з Ксеніяй Сабчак, Эльдарам Джарахавым, Вольгай Бузавай, Зарай і іншымі расійскімі селебрыці. Цешылася падарункамі ад арганізатараў — навушнікамі AirPods Max (каля $550), касметычным боксам Dior ($200-400), фенам-стайлерам BORK (каля $600), наборамі касметыкі b.colour, SenSulu і Lic (агульная цана каля $300).

На конкурс Алію Кароткую накіравала Нацыянальная школа прыгажосці — арганізацыя, якая фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту Беларусі. Афіцыйна яна займаецца навучаннем будучых мадэляў і пошукам кандыдатак для конкурсаў прыгажосці. На практыцы ж там падбіраюць спадарожніц на мерапрыемствы для Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэння. Алія Кароткая — не выключэнне. Яна ўсё часцей з’яўляецца побач з кіраўніком Беларусі.

Адданая заўзятарка

У пачатку красавіка завяршыліся спаборніцтвы Рэспубліканскай хакейнай лігі. Перамогу ў чэмпіянаце ў 17‑ты раз атрымала каманда Аляксандра Лукашэнкі. За фінальным матчам з VIP-трыбуны сачыла Алія Кароткая ў куртцы з надпісам «Міс БРІКС».

Алія Кароткая на фінальным матчы Рэспубліканскай хакейнай лігі, красавік — 2026. Крыніца: інстаграм-акаўнт Аліі Кароткай

Падчас турніру дзяўчына не раз прыходзіла на стадыён, каб падтрымаць Лукашэнку. На знак удзячнасці ён дарыў ёй мяккія цацкі.

Алія Кароткая з падарункамі ад Аляксандра Лукашэнкі. Крыніца: інстаграм-акаўнт Аліі Кароткай

 Побач з палітыкам Алія апыналася і раней, прычым з зайздроснай рэгулярнасцю. У красавіку 2025 года яна разам з Лукашэнкам саджала дрэвы ў будучым парку Народнага Адзінства.

Алія Кароткая саджае дрэвы ў будучым парку Народнага Адзінства ў Мінску, красавік — 2025. Крыніца: інстаграм-акаўнт Аліі Кароткай

 У маі хвалілася запрашэннем глядзець парад з трыбуны А. Там жа сядзелі верагодная дачка Лукашэнкі Крысціна Моцная з маці Сняжанай.

Від Аліі Кароткай на парад у гонар Дня Перамогі з трыбуны А, а таксама запрашэнне на мерапрыемства, май — 2025. Крыніца: інстаграм-акаўнт Аліі Кароткай

У ліпені Алія наведала сход у гонар Дня незалежнасці, на якім выступаў Лукашэнка.

Алія Кароткая за кулісамі сходу ў гонар Дня незалежнасці, ліпень — 2025. Крыніца: інстаграм-акаўнт Аліі Кароткай

Таксама Кароткая — жаданая госця ў Палацы незалежнасці. У кастрычніку 2025 года экскурсію ёй там правяла Наталля Эйсмант, прэс-сакратарка Лукашэнкі.

Алія Кароткая на экскурсіі ў Палацы незалежнасці, кастрычнік — 2025. Крыніца: інстаграм-акаўнт Аліі Кароткай

Ужо ў снежні Алія зноў апынулася ў сценах Палаца незалежнасці — на навагоднім балі Лукашэнкі.

У студзені Кароткая з’явілася на прыёме Лукашэнкі на стары Новы год, дзе ён раздаваў дзяржаўныя ўзнагароды. Кампанію дзяўчыне склала Ксенія Санковіч — генеральная сакратарка НАК і экс-фаварытка Лукашэнкі.

Алія Кароткая на прыёме Аляксандра Лукашэнкі на стары Новы год, студзень — 2026. Крыніца: інстаграм-акаўнт Аліі Кароткай

Увагі Лукашэнкі і ягоных набліжаных Алія Кароткая дамагалася доўга і ўпарта. «Міс БРІКС» — гэта толькі адзін са шматлікіх конкурсаў, у якіх яна брала ўдзел.

Сацыяльны ліфт

У інтэрв’ю «Пілот FM» Алія Кароткая расказала, што з дзяцінства мроіла пра конкурсы прыгажосці. Каб ажыццявіць мару, яна ўжо ў 12 год пачала навучацца ў Нацыянальнай школе прыгажосці. У 2023 годзе, толькі дасягнуўшы паўналецця, дзяўчына накіравалася на конкурс «Міс Беларусь». Прызавых месцаў Алія не заняла, затое яўна прыглянулася Лукашэнку: ён узяў яе ў так званую службу пратакола — світу прыгажунь, якія суправаджаюць яго на афіцыйных прыёмах.

Алія Кароткая ў форме супрацоўніц «службы пратакола». Крыніца: інстаграм-акаўнт Аліі Кароткай

«Працаўладкаванне дзяўчат у службу пратакола — гэта прыклад інструменталізацыі жаночай прыгажосці для ўмацавання вобразу ўлады. Гэта выкарыстанне, эксплуатацыя, жаночай прыгажосці і знешнасці для палітычнага іміджу Лукашэнкі», — зазначыла гендарная даследчыца Марына Ментусава ў размове з журналістам «Бюро».

Пасля «Міс Беларусь» Алія атрымала некалькі рэкламных кантрактаў. Напрыклад, з брэндам ніжняй бялізны «Мілавіца»і беларускім падраздзяленнем «Фанбет» — буйнейшай кампаніі ставак на спорт у СНД. Таксама дзяўчына супрацоўнічала з фірмай «Саундкафэ прадакшн», якая праводзіць культурна-відовішчныя мерапрыемствы. У ейным партфоліа — сумесныя праекты з Прэзідэнцкім спартовым клубам пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Лукашэнкі: шоу «Героі» і марафон «Спорт для ўсіх».

Набраўшыся мадэльнага досведу, Алія трыумфальна вярнулася на конкурсы прыгажосці. Зімой 2025 года яна стала другой віцэ-міс Мінск, летам выйграла чатыры тытулы на «Міс Viva Braslav», а восенню зноў узяла ўдзел у «Міс Беларусь» і заняла другое месца.

Такім чынам, за плячыма 22‑гадовай Аліі Кароткай ужо пяць конкурсаў прыгажосці. Пры гэтым яна яшчэ не паспела атрымаць вышэйшую адукацыю: дзяўчына заканчвае Інстытут псіхалогіі Белдзяржпедуніверсітэта. Гэты выпадак — паказальны для Беларусі, пракаментавала «Бюро» гендарная даследчыца Ірына Сідорская:

«Для студэнтак галоўным сацыяльным ліфтам у нармальнай дзяржаве мусіць быць універсітэт, а не конкурс прыгажосці. У Беларусі ж конкурс прыгажосці падаюць як адзін з самых галоўных сацыяльных ліфтаў. Маўляў, калі вы будзеце такімі, то ў вас можа быць вельмі зайздросная кар’ера, лёс. Гэта адна з галоўных пляцовак для навязвання ролевых мадэляў. Таму што нейкія самастойныя кар’ерныя дасягненні — стаць прадпрымальніцай або даследчыцай — гэта не пасуе дзяржаве. Ёй патрэбныя перадусім лаяльныя жанчыны».

Прывабная знешнасць сапраўды стала для Аліі Кароткай сацыяльным ліфтам. Прычым дапамагла яна не толькі кар’еры дзяўчыны, але і бізнэсу яе маці.

Яблык ад яблыні

Алія расла ў заможнай сям’і. Паводле звестак «Кіберпартызан», у валоданні Кароткіх дзве кватэры ў Мінску. Адна — на вуліцы Казінца, плошчай 65 квадратных метраў. Другая — у жылым комплексе «Парус». Гэта сапраўдны хорам на 134 квадраты. Агульны ацэначны кошт апартаментаў — каля $330 тыс.

Акрамя таго, у сацсетках Алія публікавала фота з элітнага рэстарана Fabriq і называла гэтае месца «ўлюбёным». Ім сумесна валодае швагер Дзмітрыя Лукашэнкі — Уладзімір Кулакоў.

Алія Кароткая ў рэстаране Fabriq. Крыніца: інстаграм-акаўнт Аліі Кароткай

Акрамя гэтага, Алія адпачывала ў дарагім загарадным комплексе Robinson Club, які адкрыў набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Павел Тапузідзіс.

Алія Кароткая адпачывае ў загарадным комплексе Robinson Club. Крыніца: інстаграм-акаўнт Аліі Кароткай

Таксама Кароткія ў поўным складзе рэгулярна лёталі на адпачынак у Абу-Дабі.

Пры гэтым доўгі час у сям’і працаваў толькі бацька — Андрэй. Мяркуючы па звестках «Кіберпартызан», ён займаўся пастаўкамі б/у запчастак для машын з Еўропы ў Беларусь.

У маці Аліі, Дзіяны, першы і апошні запіс у працоўнай кніжцы з’явіўся ў 2018 годзе — «Нацыянальная школа прыгажосці». Невядома, чым жанчына там займалася, але праца была па кантракце. Да таго моманту яе дачка ўжо некалькі гадоў навучалася ў гэтай школе. Дзякуючы ейным поспехам Дзіяна пачала ўласны бізнэс.

У 2025 годзе жанчына стварыла брэнд адзення «Кіалі». У ягоных сукенках Алія Кароткая брала ўдзел у конкурсе «Міс Беларусь». Рэклама выявілася ўдалай: ужо праз некалькі месяцаў Дзіяна Кароткая прадстаўляла свае працы на модных паказах у Мінску. У якасці адной з мадэляў выступіла яе дачка. У строях ад мамы Алія пазней з’яўлялася і на мерапрыемствах, арганізаваных Лукашэнкам. У брэндзе «Кіалі» яна паехала і на «Міс БРІКС». Гэтая міжнародная пляцоўка магла стаць вітрынай для дзяржаўнай лёкай прамысловасці, якой так ганарацца ў Беларусі, але магчымасць аддалі ноўнэйм-брэнду.

У сацсетках Дзіяна Кароткая радуецца за кар’ерныя поспехі дачкі і ва ўсім яе падтрымлівае. Яна часта суправаджае Алію на конкурсах прыгажосці і разам з ёй наведвала Палац незалежнасці.

Дзіяна Кароткая ў Палацы незалежнасці, кастрычнік — 2025. Крыніца: інстаграм-акаўнт Дзіяны Кароткай
 Дзіяна Кароткая ў Палацы незалежнасці, кастрычнік — 2025. Крыніца: інстаграм-акаўнт Дзіяны Кароткай

Шасцярэнькі сістэмы

Спачываць на лаўрах пасля трыумфу на «Міс БРІКС» Алія Кароткая не збіраецца. У інтэрв’ю «Пілот FM» яна расказала, што плануе ўдзельнічаць у іншых конкурсах прыгажосці і хоча, каб іх у Беларусі рабілася толькі болей. Паводле слоў дзяўчыны, гэта асабліва важна ў год беларускай жанчыны, якім Лукашэнка абвясціў 2026-ты.

Ірына Сідорская пракаментавала падобную логіку ў размове з журналістам «Бюро»: «Гэтыя дзяўчаты — ахвяры абставінаў. Яны проста не бачаць для сябе іншага выйсця, яны бачаць вось гэтую патрыярхальную аўтарытарную сістэму, і яны абсалютна не думаюць, што яны могуць штосьці ў ёй змяніць, а думаюць, што яны могуць толькі падладзіцца пад гэтую сістэму».

Алія Кароткая, мяркуючы па яе інтэрв’ю, упэўненая, што займаецца важнай справай — і таму ж вучыць іншых. За апошнія тыдні яна пабывала ў складзе журы на некалькіх студэнцкіх конкурсах прыгажосці. Туды яе запрашалі як прыклад для іншых дзяўчат.

«Калі маладыя дзяўчаты паступаюць ва ўніверсітэт, наўрад ці яны загадзя ведаюць пра ўсю гэтую структуру, у якую яны патрапяць, прыйшоўшы на конкурс прыгажосці. Яны думаюць пра рэкламныя кантракты, яны думаюць пра тое, што гэта зробіць іх тэлевядоўцамі ў Беларусі. Але яны не думаюць, што гэта зробіць іх наложніцамі Лукашэнкі або стваральніцамі ягонага іміджу. І ў гэтым плане я б абсалютна дакладна іх бы не абвінавачвала. Таму што яны ў гэтым выпадку ахвяры рэжыму. Дзяўчына, якая перамагла ў конкурсе «Міс Беларусь», можа толькі пасля гэтай перамогі даведацца пра асаблівыя «прывілеі», якія будуць дараваныя ёй. Проста яна ад іх адмовіцца не зможа. Ужо», — зазначыла Марына Ментусава.

Каментары41

  • Ясна панятна
    16.04.2026
    Масандра пастаўляе Валету малодак.
  • Служба протокола
    16.04.2026
    Эпштейн смотрит с небес и улыбаестся...
  • Барадзед
    16.04.2026
    У Каддафи новая кукла-охранник.

Цяпер чытаюць

Хто той замежнік, які забіў жонку і згвалтаваў падчарыцу ў Добрушы5

Хто той замежнік, які забіў жонку і згвалтаваў падчарыцу ў Добрушы

Усе навіны →
Усе навіны

У Чэхіі турысты гулялі па гарах і знайшлі скрынку з золатам амаль на паўмільёна еўра3

«Відаць, што апоры развальваюцца». Стан аднаго з мінскіх мастоў цераз Свіслач выклікае трывогу1

«Перамогу «Цісы» ўспрымаю пазітыўна, але ёсць асцярогі». Беларусы, якія жывуць у Венгрыі, расказалі пра выбары і змену ўрада6

На Гомельшчыне паставяць аглядную вышку з відам на Чарнобыльскую АЭС2

У Браславе адмянілі фестываль з амаль 60‑гадовай гісторыяй3

Mak.by не сам прыдумаў замену «амерыкана», а купіў ужо гатовы брэнд3

Косткі, пер’е і вада ў фаршы. Беларусы скардзяцца на прадукцыю «Пятрухі»9

Самы карыкатурны злодзей Слоніма скончыў свой шлях у мясным штурме на Данбасе8

Трамп давёў колькасць спыненых войнаў да дзесяці8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той замежнік, які забіў жонку і згвалтаваў падчарыцу ў Добрушы5

Хто той замежнік, які забіў жонку і згвалтаваў падчарыцу ў Добрушы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць