У Беларусь прыедзе прэзідэнт М'янмы
Мін Аун Хлайн прыедзе ў Беларусь, скончыўшы візіт у Расіі, дзе ён зараз знаходзіцца.
Фота: AP Photo/Pavel Bednyakov, Pool
Прэзідэнт М'янмы сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, прэм'ерам Аляксандрам Турчыным, старшынёй Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергеенкам, прадстаўнікамі беларускага ўрада.
Падчас візіту таксама возьме ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці пасольства М’янмы ў Мінску і беларуска-м’янманскім бізнэс-форуме. Падчас візіту яго будуць суправаджаць саюзныя міністры і прадстаўнікі дзяржаўных органаў, паведамляе Міністэрства інфармацыі М'янмы.
Мін Аун Хлайн прыйшоў да ўлады ў М’янме ў выніку вайсковага перавароту, што адбыўся ў лютым 2021 года і ў выніку якога ў турму кінулі лідарку краіны, нобелеўскую лаўрэатку Аун Сан Су Чжы.
З таго часу ён узначальваў часовы ўрад. У 2026 годзе парламент абраў яго прэзідэнтам.