Frontex: Тунэлі мігрантаў на беларускай мяжы будуюцца з ведама і пры падтрымцы ўладаў Беларусі
Еўрапейскае агенцтва памежнай і берагавой аховы Frontex лічыць, што без згоды дзяржаўных структур Беларусі капанне тунэляў, праз якія мігранты трапляюць з Беларусі ў Літву, Латвію і Польшчу, было б немагчымае, піша Tagesschau.de.
Скрыншот з відэа Tagesschau.de
Паводле інфармацыі нямецкіх тэлеканалаў WDR і NDR, унутраны аналіз Frontex сведчыць, што такія тунэлі на беларускім баку мяжы наўрад ці маглі быць пабудаваныя без ведама і падтрымкі беларускіх спецслужбаў. Не выключаецца таксама, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі можа прыцягваць да іх будаўніцтва спецыялістаў, а таксама саміх мігрантаў.
Апошнім часам тунэлі сталі новым спосабам перасячэння ўзмоцненай мяжы ЕС. У 2026 годзе ў Літве знайшлі ўжо пяць такіх тунэляў. Праз тры з іх, паводле афіцыйных даных, у краіну трапілі як мінімум 86 мігрантаў з Афганістана, Пакістана, Ірака і Індыі. Два іншыя аб'екты выявілі яшчэ падчас будаўніцтва.
На мінулым тыдні тунэль упершыню знайшлі і на беларуска-латвійскай мяжы. Ён знаходзіўся каля закрытага памежнага пераходу Сілене. Паводле латвійскіх уладаў, праз яго ў краіну паспелі прайсці 15 мігрантаў.
Пры гэтым агульная колькасць нелегальных перасячэнняў усходняй знешняй мяжы ЕС скарацілася. За першую палову 2026 года Frontex зафіксаваў 3209 выпадкаў незаконнага ўезду, што на 44% менш, чым за той жа перыяд мінулага года.
Аднак у агенцтве лічаць, што зніжэнне колькасці перасячэнняў не азначае знікнення міграцыйнага ціску. Узмоцненыя памежныя меры ў Літве, Латвіі і Польшчы зрабілі традыцыйныя маршруты больш складанымі, таму беларускія структуры, паводле ацэнкі Frontex, шукаюць новыя спосабы пераправы людзей.
Унутраны дакумент агенцтва называе тунэлі адным з такіх новых метадаў і прагназуе, што іх могуць працягваць выкарыстоўваць, пакуль захоўваецца міграцыйны ціск з боку Беларусі.
Чытайце таксама:
На мяжы быў паранены літоўскі памежнік, мігранты спрабавалі зацягнуць яго ў Беларусь
У Латвіі знайшлі першы ў краіне тунэль для нелегальных мігрантаў з Беларусі