БЕЛ Ł РУС

«Убачыла ў Польшчы Conte — шакавала цана». Беларусы расказалі, што вязуць з Польшчы, а што — назад

19.08.2026 / 22:18

Nashaniva.com

Беларусы, якія пераехалі ў Польшчу, часта просяць сваякоў і сяброў прывезці тавары, якімі карысталіся на радзіме: крэм канкрэтнага брэнда ці калготкі пэўнай маркі. Рэч не ў адсутнасці аналагаў, а ў сіле звычкі. Выданне Most паразмаўляла з беларусамі пра тое, што яны рэгулярна вязуць праз мяжу ў абодвух напрамках.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media

З Беларусі — «Беліту», з Польшчы — Nivea

Вольга (імёны змененыя) жыве ў Беластоку і сама ў Беларусь не ездзіць. Але абменьваецца перадачамі з роднымі. Жанчына жартуе, што гэта ўжо стала падобна да рытуалу.

«Першы час, калі я толькі прыехала ў Польшчу, мне складана было перайсці на польскія тавары. Я звыкла да лінейкі «Беліта-Вітэкс» — крэмаў, тонікаў, пенкі для мыцця, шампуняў, бальзамаў для валасоў. І ў кожным спісе заказаў першы час прасіла перадаць менавіта гэтую прадукцыю», — расказвае Вольга.

З часам яна асвоілася ў Польшчы і была гатовая перайсці на мясцовы асартымент, але так і не змагла адмовіцца ад звыклых сродкаў.

«Нават цяпер, праз гады, у кожнай перадачы знаходжу нешта ад «Беліты». Каштуе яна капейкі, і нават калі браць больш дарагую, люксавую лінейку — усё роўна выходзіць значна танней, чым купляць еўрапейскія брэнды. А па якасці ніколькі не саступае. Мая сяброўка ўвогуле жыве ў Дубаі, а калі прыязджае ў Беларусь, купляе цэлыя чамаданы гэтай касметыкі. Не ведаю, што гэта — туга па родных прадуктах, звычка ці нешта яшчэ», — разважае Вольга.

У Беларусь жанчына традыцыйна перадае касметыку Nivea. Тавары гэтага брэнда трапілі пад забарону імпарту яшчэ ў 2021 годзе, таму ў звычайных крамах іх не знайсці.

«Мама заўсёды купляла крэм у вялікім круглым сінім слоіку — мазала ім і рукі, і твар. Ён вельмі тлусты, і маме падабалася, як ён увільгатняе скуру. Пасля таго як гэта касметыка знікла ў Беларусі, я цяпер заўсёды перадаю яе з Польшчы: маме — крэм і дэзадарант, гігіенічныя памады, тату — пенку для галення, сродак пасля галення. Увогуле, заўсёды збіраецца такі вялікі пакет «забароненага». На мяжы ніколі пытанняў не ўзнікала — думаю, калі вязеш для асабістага карыстання, праблем няма», — тлумачыць Вольга.

Перад кожнай паездкай у Беларусь — заказы на Wildberries

У Жаны растуць дзве школьніцы. У Польшчы абавязковай школьнай формы няма, але жанчына кажа, што ўсё роўна імкнецца прытрымлівацца «больш-менш афіцыйнага стылю».

«Старэйшая дачка першыя тры гады вучылася ў беларускай школе, і яе форма потым у спадчыну перайшла малодшай. Не выкідаць жа — там і спаднічкі добрыя, і блузкі. А калі малодшая ходзіць у форме, то і старэйшую ўжо хочацца апранаць падобна. І, дарэчы, польскія настаўнікі заўсёды адзначаюць, што дзяўчынкі прыбраныя і прыгожыя ходзяць», — тлумачыць Жана.

Перад кожнай паездкай у Беларусь яна робіць заказы на Wildberries — кажа, так прасцей папоўніць гардэроб дачок камплектамі, да якіх яны ўжо звыклі. Да таго ж так беларуска ашчаджае час: не прыходзіцца ездзіць па крамах у пошуках патрэбнага тавару.

«Да апошняга часу ўсе тавары прыходзілі своечасова, нягледзячы на тое, што многія склады ў Расіі трапілі пад абстрэлы беспілотнікаў. Цяпер ужо чытаю ў Threads, што ўзнікаюць праблемы: тавары або не прыходзяць, або прыходзяць з затрымкамі».

А вось маленькаму пляменніку, які жыве ў Беларусі, Жанна вязе адзенне з польскай крамы.

«Для малодшых у [крамах] Pepco вельмі шмат добрага адзення па нізкіх цэнах. Так што яму бяру менавіта там: бодзі, сліпы, паўзункі. Сястра кажа, што купляць такія рэчы ў беларускім «Світанку» ёй не хочацца. Тлумачыць гэта тым, што, на яе густ, мадэлі там несімпатычныя, і расфарбоўкі не вельмі, і цэны значна вышэйшыя — напрыклад, камплект «кофта і паўзункі» каштуе 40 рублёў, а ў Pepco за такія грошы можна купіць два, а то і тры камплекты», — расказвае Жанна.

А вось крамы польскага брэнда Sinsay ёсць і ў Польшчы, і ў Беларусі.

«Я заўважыла, што многія рэчы ў беларускім Sinsay таннейшыя, чым у Польшчы. Праўда, калекцыі розныя, і ў Польшчы выбар большы. Але бывае, што і ў беларускі Sinsay заходжу, калі трэба купіць футболак ці шорты для дому», — прызнаецца Жана.

З Беларусі вязуць Mark Formelle, з Польшчы — Zara

Калі Насця жыла ў Беларусі, яна заўсёды чакала новыя лінейкі Mark Formelle.

«Мне падабалася і якасць трыкатажу, і стыль. Ну і прынты на футболках заўсёды былі прыкольныя», — узгадвае Насця.

Цяпер кожная яе паездка на радзіму суправаджаецца шопінгам у фірмовай краме.

«Апошнім часам беларусы сталі скардзіцца на брэнд — маўляў, і бялізна ніжняя ўжо не тая, і прынты не такія смелыя, як раней. Але мне ўсё адно вельмі падабаецца. Як толькі заходжу ў краму, бяру і піжамы, і базавыя футболкі, і шкарпэткі — набіраю па два-тры пакеты. Нешта пакідаю сабе, нешта дару польскім сябрам. Ім, дарэчы, таксама вельмі падабаецца. Асабліва калготкі Conte. Я ўжо жыву пяць гадоў у Польшчы і дагэтуль у мяне ў гардэробе толькі гэтыя калготкі. Неяк на рынку ў Польшчы ўбачыла Conte — трохі шакавала цана: каштавалі яны нешта каля 25 злотых. У Беларусі яны каштуюць не даражэй за 10 рублёў (каля 12 злотых. — Заўв. Most). Ну, я разумею, што такая цана — праз лагістыку, напэўна», — расказвае Насця.

Яе родныя і сябры, якія жывуць у Беларусі, замаўляюць сабе еўрапейскія брэнды: Zara, H&M, Reserved. А яна забірае заказы ў крамах і прывозіць.

«Часцей закупляюцца на распродажах, вядома, бываюць сезонныя зніжкі па 50%. У Беларусі такіх зніжак амаль няма, і выбар там у крамах не такі. Атрымліваецца такі вось кругаварот: я вязу беларускія рэчы сюды [у Польшчу], а адсюль — еўрапейскія. Дагэтуль не магу зразумець, як гэта працуе. Для мяне, напэўна, гэта звычка, ад якой цяжка адмовіцца нават пасля пяці гадоў жыцця ў Польшчы. Ты быццам ужо звык да іншай краіны, але ўсё роўна хочацца купляць тое, да чаго прызвычаіўся дома», — кажа Насця.

Чытайце таксама:

«7 пасажыраў, 2 каністры ў прыбіральні». Праз «саляршчыкаў» на мяжы ў Брэсце ўтвараюцца чэргі

«Паліцы пустыя». Перакупшчыкі масава вывозяць з Польшчы ў Беларусь яйкі Kinder адной серыі

Маштабы, якіх вы не маглі сабе ўявіць — беларускія цыгарэты кураць у многіх краінах Еўропы. Як працуе гэты бізнэс

Каментары да артыкула