«7 пасажыраў, 2 каністры ў прыбіральні». Праз «саляршчыкаў» на мяжы ў Брэсце ўтвараюцца чэргі
Жаданне польскіх перавозчыкаў зарабіць на розніцы ў кошце паліва паралізуе пункт пропуску «Брэст» — рэйсавыя аўтобусы пераўтварыліся ў мабільныя бензакалонкі.

У памежных тэлеграм-чатах абмяркоўваюць «саляршчыкаў» — перавозчыкаў з Тарэспаля, якія ездзяць праз мяжу ў першую чаргу дзеля паліва. Мяркуючы па паведамленнях, праблема ўжо наўпрост уплывае на час чакання ў чарзе, перасадкі і агульную атмасферу на мяжы, распавядае BGmedia.
Беларусы ездзяць у польскіх аўтобусах і чуюць пах саляркі
Карыстальнікі чатаў распавядаюць, што асабліва заўважнай сітуацыя стала пасля росту цэн на паліва ў Еўропе з-за вайны ЗША і Ірана. «Салярка падаражэла на злоты за тыдзень, усе паехалі запраўляцца», — пішуць у чатах.
Паводле слоў пасажыраў, з-за гэтага на маршруце Брэст — Тарэспаль пачалі масава з'яўляцца практычна пустыя аўтобусы.
«Зараз садзіўся ў Тарэспалі. Каля вакзала стаіць 5 (!) аўтобусаў. Усе чакаюць пасажыраў, садзяць па 1—2 чалавекі на аўтобус і стартуюць на мяжу. Такім чынам яны нібыта для польскай мытні ці транспартнікаў атрымліваюцца з людзьмі, і можна везці больш саляркі, як сказаў кіроўца. То-бок білет Тарэспаль — Брэст каштаваў 20 рублёў). Хутка будуць бясплатна зазываць, абы сеў хто».
Іншыя карыстальнікі пацвярджаюць: «Гэта пустыя аўтобусы па салярку. Заўтра яны ўтвораць новую чаргу па кірунку РБ — РП у 30—50 аўтобусаў. Плюс заробяць на падсадках».
Пасажыры распавядаюць, што дзеля паліва перавозчыкі гатовыя ахвяраваць камфортам людзей: «Усё дакладна. Ехаў учора вечарам рэйсавым Брэст — Тарэспаль. 7 пасажыраў, 2 каністры саляркі ў туалеце (смярдзела на паўаўтобуса), вадзіла ў дзьюціку бутэлек 10 гарэлкі ўзяў, прасіў пасажыраў разабраць перад мытняй. У Еўропе паліва падаражэла, і на салярцы маржа атрымаецца большая, чым ад пасажыраў. Так што кожны зарабляе як можа».
Многія адзначаюць і якасць такога транспарту: «Тут ужо пісалася, што гэта аўтобусы польскія з 2000‑х гадоў з мінімумам зручнасцяў, пахам саляркі ў салоне і зашмальцаванымі крэсламі, часта зламанымі. Але воля кожнага, як ехаць. Часта, прайшоўшы палякаў, перасаджваюць у іншы транспарт, больш камфартабельны. Магчыма, нават з двух аўтобусаў садзяць у гэты адзін, які не сорамна адправіць у Варшаву і яго не арыштуе пры пад'ездзе да Варшавы паліцыя. Магчыма, гэта мясцовыя бамбілы з Тарэспальскага і Бяла-Падляскага краёў так зарабляюць».
У чэргах на выездзе з Брэста ў Тарэспаль вінаватыя «саляршчыкі»?
Вясной сітуацыя стала яшчэ больш напружанай. Людзі пачалі задавацца пытаннем, ці звязана велізарная колькасць аўтобусаў у чарзе перад пунктам пропуску «Брэст» са святамі і пачаткам сезона адпачынкаў: «Добры дзень, скажыце, такое стоўпатварэнне з аўтобусаў з прычыны майскіх і велікодных святаў? Ці ўжо адпачынкавы сезон пачынаецца і гэта нармальная абстаноўка?»
У адказ многія тлумачылі, што праблема зусім не ў турыстах. «Пустыя стаяць, чарга штучная, бізнэс вадзілаў», — адказваюць у чатах.
Паводле слоў відавочцаў, менавіта такія аўтобусы нядаўна стваралі калапс на выездзе з Беларусі ў Польшчу: «Чарада зрабіла калапс 23—24 [красавіка] у РБ, заправіліся саляркай і паехалі назад, адначасова стварыўшы чаргу на выезд і правакуючы перасадкі».
З-за гэтага ў чатах рэгулярна ўзнікаюць спрэчкі: што рабіць з «саляршчыкамі» і ці можна неяк паўплываць на сітуацыю. Некаторыя беларусы ўпэўненыя, што перавозчыкаў трэба жорстка кантраляваць.
«Ёсць магчымасць кудысьці патэлефанаваць, каб такіх «бізнэс-кіроўцаў» паставілі на месца? Гэта можа працягвацца бясконца, яны будуць так ездзіць, ствараючы штучна чаргу, а людзі будуць пастаянна марнаваць і грошы, і час з-за іх. Не паверу, што няма нейкага органа, які мог бы падобнае кантраляваць».
Але адразу знаходзяцца і тыя, хто адказвае: фармальна парушэнняў можа і не быць: «А што яны парушаюць? У іх таблічка ёсць, аўтобус рэйсавы, едзе па маршруце».
Апаненты з гэтым не згодныя: «Хіба рэйсавы аўтобус не павінен зыходзіць з правілаў перавозкі пасажыраў? Салярка ніяк не звязана з рэйсам. Я лічу, што гэта рэальна неадэкватная рэч, што людзі стаяць доўга, пераплачваюць за перасадку, бо хлопцы вырашылі вазіць туды-сюды салярку дзеля перапродажу. Гэта доўжыцца не дзень-два ж, а дастатковую колькасць часу».
Іншыя лічаць, што праблема значна глыбейшая і вырашыць яе можна толькі сістэмна: «Тут трэба тэлефанаваць у іншыя месцы, каб адкрылі рух на астатніх пераходах і асабліва аднавілі цягнікі».
Транспартная інспекцыя на мяжы Беларусі не вырашыць праблему з «саляршчыкамі»
Асобнай тэмай застаюцца падсадкі/перасадкі — калі пасажыры перасаджваюцца з аўтобуса ў аўтобус ужо каля мяжы, каб доўга не стаяць у чарзе. Некаторыя лічаць, што «саляршчыкі» не маюць права браць людзей у свае аўтобусы.
«Яны не маюць права браць пасажыраў. Вось што яны парушаюць. Прычым не маюць права браць пасажыраў наогул нідзе ў Беларусі, бо квіткі большасць з іх не прадае. А без падсадак-перасадак іх бы тут і не было».
Пасля гэтага людзі пачалі ўдакладняць, куды можна скардзіцца:
«Калі і тэлефанаваць, каб адкрылі пераходы і зноў ездзілі цягнікі, гэта дакладна патрэбны не адзін мой званок, але і званкі іншых людзей».
«О, значыць усё ж такі гэта парушаюць. Магчыма, вы ведаеце, куды тады можна набраць і паскардзіцца на такое?»
Адказ быў кароткім: «У Транспартную інспекцыю».
Аднак тыя, хто ўжо сутыкаўся з падобнымі праверкамі, папярэджваюць, што наступствы могуць быць зусім не такімі, як чакаюць пасажыры аўтобусаў.
«Ужо былі такія званкі. Сітуацыя ператварылася ў наступнае — аўтобусаў менш не стала, транспартнікі стаялі каля першых аўтобусаў і нікому не дазвалялі падсаджвацца. Аўтобусы як ехалі па салярку, так і ехалі. Вынік быў такі — тады наогул ніхто не мог перасесці і прайсці мяжу за 5—6 гадзін, і ўсе вымушаныя былі сядзець у сваіх аўтобусах па 20+ гадзін. І тады вельмі дрэнна згадвалі тых, хто такі вырашыў патэлефанаваць і паскардзіцца».
У многіх гэта выклікае здзіўленне: «Дзіўнае рашэнне, чаму яны не разганялі тады гэтых саляршчыкаў».
«Як гэта разганяць саляршчыкаў? Яны нічога не парушаюць. Усё, што яны могуць зрабіць, — гэта правяраць, каб не падсаджваліся».
Мяркуючы па абмеркаваннях, адзінага меркавання ў людзей няма. Для адных «саляршчыкі» — галоўная прычына бясконцых чэргаў і перасадак. Для іншых — толькі вынік абмежаванай колькасці пагранпераходаў на мяжы Беларусі з Польшчай, адсутнасці цягнікоў і вялізнага пасажырапатоку.
Але амаль усе сыходзяцца ў адным: сітуацыя з чэргамі і «саляршчыкамі» даўно стала сістэмнай праблемай, якая ўплывае на тысячы людзей па абодва бакі мяжы.
Каментары
А тое што вы вінаваціце тых хто скардзіцца на саляршчыкаў - гэта ад нізкага IQ і адсутнасці адукацыі.
Але такіх людзей - большасць, трэба проста зразумець як з імі працаваць пасля лукашызму.