Хірург аспрэчыў галоўныя міфы пра ўкусы і выдаленне кляшчоў
Доктар Харытончык, напрыклад, рэкамендуе не ўскладняць сабе жыццё ніткамі і іншымі народнымі сродкамі, а купіць у аптэцы адну рэч.
Доктар прыёмнага аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай хірургіі Васіль Харытончык развянчаў распаўсюджаныя міфы пра наступствы неакуратнага выдалення паразіта, пішуць Мінск-Навіны.
Нішто так не азмрочвае цёплы летні дзень, як выяўлены на целе клешч. Прычым паніку часта выклікае не столькі сам укус, колькі страх перад магчымым заражэннем.
— Нічога страшнага не адбудзецца, калі вы выцягнеце кляшча не зусім правільна. На рызыку распаўсюджвання інфекцыі гэта ніяк не ўплывае, — растлумачыў спецыяліст.
— Ці абавязкова захварэе чалавек, калі клешч быў заражаны?
— Зусім не, — супакоіў доктар. — Нават пры ўкусе заразнага кляшча патагены трапляюць у арганізм далёка не заўсёды. Але калі гэта і адбылося, заражэнне не гарантавана.
Здаваць вынятага кляшча на аналіз таксама не заўсёды мэтазгодна: даследаванні часта даюць падманна станоўчыя вынікі, ды і сам працэс патрабуе часу. Значна больш эфектыўнай з’яўляецца прафілактычная доза антыбіётыка (аднаразовая доза даксіцыкліну 200 мг для дзяцей ад васьмі гадоў). Пры гэтым паддавацца паніцы і спяшацца не трэба: на экстранную прафілактыку ёсць да трох сутак.
— Які спосаб выдалення кляшча найбольш эфектыўны?
Доктар Харытончык рэкамендуе не ўскладняць сабе жыццё ніткамі і іншымі народнымі сродкамі, а набыць у аптэцы або на маркетплейсах прыстасаванне для выдалення кляшчоў.
— Выглядае яно як мініяцюрны двухзубы відэлец з прарэзам. Клешч падчэпліваецца збоку ля самай асновы скуры і акуратна выкручваецца без здушвання брушка. Каштуе капейкі, а вынік заўсёды эфектыўны: зрабіць нешта няправільна проста не атрымаецца, — дадаў ён.