БЕЛ Ł РУС

На Wildberries моцна выраслі продажы тавараў з беларускімі матывамі

20.08.2026 / 12:38

Nashaniva.com

Аналітыкі маркетплэйса Wildberries зафіксавалі гэтым летам рэзкі рост попыту сярод беларусаў на тавары з нацыянальнай матывамі — васількамі, каласамі, арнаментамі і г. д. Пра гэта «МП» распавялі ў прэс-службе кампаніі.

Васількі і каласы сталі адным з галоўных хітоў лета

Адным з найбольш заўважных трэндаў сталі посуд і кухонныя прылады з фальклорнымі малюнкамі. Беларусы сталі часцей купляць талеркі, кубкі, падносы, наборы для чаявання і іншае начынне ў этнічным стылі.

Асабліва ўражальную дынаміку паказалі міскі і салатнікі з выявамі васількоў і каласоў. Гэтым летам іх продажы выраслі ў 28 разоў у параўнанні з мінулым годам.

Нацыянальная тэматыка заўважна дадала папулярнасці і ў катэгорыі хатняга тэкстылю. Пасцельную бялізну з выявамі беларускіх пейзажаў куплялі ў 18 разоў часцей, а навалачкі з арнаментамі і падкоўдранікі з традыцыйнымі ўзорамі — у сем разоў.

Добрую дынаміку таксама паказалі абрусы з льнянымі карункамі і пакрывалы з народнымі матывамі.

Фігуркі і статуэткі з народнымі матывамі сталі купляць на 662% часцей. Такія прадметы для пакупнікоў становяцца не проста ўпрыгожваннем дома, а спосабам дадаць у інтэр'ер часцінку беларускай культуры.

Асобны трэнд гэтага сезона — тавары для рукадзелля. 

Продажы тканін для рукадзелля з нацыянальнымі прынтамі выраслі на 1350%, молдаў і трафарэтаў для творчасці з беларускімі матывамі — на 300%.

Нацыянальныя матывы заўважныя і ў адзенні. Продажы світшотаў з вышыўкай і арнаментамі выраслі на 1050%, футболак з беларускай сімволікай і тэматычнымі прынтамі — на 660%.

Пакупнікі таксама выбіраюць штаны, спадніцы, сарафаны і блузкі з элементамі народнага касцюма, адзенне для дзяцей з беларускімі ўзорамі і розныя аксесуары з нацыянальнай тэматыкай.

Аналітыкі Wildberries адзначаюць, што беларусы сталі часцей цікавіцца кнігамі пра культуру, рамёствы і прыроду краіны. У кошыках з'яўляюцца календары з беларускімі краявідамі, штодзённікі і сшыткі з нацыянальнай сімволікай, налепкі і канцылярскія тавары з арнаментамі.

Вырас попыт і на асобныя прадукты і тавары для дзяцей. Продажы тавараў для немаўлят з беларускімі матывамі — на 1300%, падарункавых набораў беларускай касметыкі — на 100%.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула