БЕЛ Ł РУС

Малако без каровы: ізраільскія навукоўцы навучылі расліны вырабляць малочны бялок

20.08.2026 / 17:46

Ідаля Салавей

Даследчыкі з Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме прымусілі насенне раслін выпрацоўваць бэта-казеін — адзін з ключавых бялкоў каровінага малака. 

Фота: LookByMedia

Вытворчасць малака можа выглядаць зусім інакш, чым мы прызвычаіліся. Замест кароўнікаў — палі, замест даільных апаратаў — прэсы для насення. Над такой тэхналогіяй працуюць навукоўцы Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме. 

Даследчыкам удалося генетычна мадыфікаваць расліны так, каб яны выпрацоўвалі бэта-казеін — адзін з важных бялкоў каровінага малака. Сярод іншага менавіта казеіны адказваюць за ўласцівасці, дзякуючы якім сыр згортваецца, утварае патрэбную структуру і плавіцца. Вучоныя запэўніваюць, што ў перспектыве замест кароў людзі змогуць «даіць» расліны. З падрабязнасцямі знаёміць The Times of Israel.

Спачатку навукоўцы правялі эксперымент на арабідопсісе (Arabidopsis thaliana) — невялікай расліне, якую вельмі часта выкарыстоўваюць у генетычных даследаваннях. Пасля тэхналогію перанеслі на сафлор (Carthamus) — алейную культуру, здольную добра пераносіць засуху.

Вынік аказаўся нават цікавейшым, чым чакалі даследчыкі. Яны меркавалі, што створаны раслінай малочны бялок будзе назапашвацца ў звычайных клеткавых «сховішчах». Але замест гэтага бэта-казеін утвараў структуры, падобныя да тых, у якіх казеін натуральным чынам знаходзіцца ў малацэ.

У найбольш паспяховых раслін на бэта-казеін прыпадала каля 1,26% усяго растваральнага бялку насення. Гэта значна больш, чым у многіх папярэдніх эксперыментах па вытворчасці казеіну ў раслінах.

Адзін з аўтараў даследавання каля раслін сафлору. Фота: Mai Shamir / timesofisrael.com

«Даіць» можна будзе насенне

Адна з галоўных пераваг тэхналогіі — адносная простасць атрымання бялку.

Паводле аўтараў, насенне можна літаральна «падаіць»: яго прапускаюць праз прэс, а атрыманую масу раздзяляюць у цэнтрыфузе на цвёрдую частку і багатыя бялком «вяршкі». Гэта нашмат прасцейшая сыравіна для прамысловай перапрацоўкі, чым утрыманне статка кароў.

Даследчыкі спадзяюцца, што ў будучыні такія расліны можна будзе вырошчваць у вялікіх маштабах і выкарыстоўваць як своеасаблівыя біялагічныя фабрыкі малочных бялкоў.

Па словах аўтараў, такая тэхналогія можа зрабіць вытворчасць малака больш экалагічнай. Жывёлагадоўля дае каля 15% выкідаў парніковых газаў, у тым ліку метану. Генетычная інжынерыя дазваляе перанесці гены, якія адказваюць за вытворчасць малочных бялкоў, у расліны, якім для іх атрымання патрабуецца значна менш рэсурсаў.

Вучоныя ўпэўненыя, што іх тэхналогія дазволіць канкураваць на велізарным рынку. Паводле ацэнак, сусветная малочная індустрыя ўжо перавышае трыльён даляраў, а да 2035 года можа вырасці да 1,6 трыльёна. Попыт павялічваецца разам з насельніцтвам планеты і цікавасцю да бялковага харчавання.

Пры гэтым новая тэхналогія прынцыпова адрозніваецца ад звычайных раслінных заменнікаў. Соевае ці аўсянае «малако» падобнае да каровінага па выглядзе і часткова па смаку, але сапраўдных малочных бялкоў у ім няма.

Тут жа расліна дзякуючы ўнесенаму гену вырабляе сам бэта-казеін. Гэта асабліва цікава для вытворцаў сыру: бялок мае здольнасць згортвацца і ўтвараць эмульсіі, а казеіны адыгрываюць важную ролю ў тым, як сыр паводзіць сябе пры награванні.

Пакуль, аднак, гаворка ідзе пра навуковы вынік, а не пра малако з сафлору, якое заўтра з'явіцца ў супермаркетах. Бізнэсу яшчэ трэба ператварыць эксперыментальную тэхналогію ў танную і стабільную прамысловую вытворчасць.

Чытайце таксама:

Новы трэнд — малодзіва замест вітамінаў. Яно сапраўды карыснае?

Малако: піць дзеля здароўя ці адмовіцца з-за шкоды? Навукоўцы даюць адказ

Казінае малако зробіць для вас тое, чаго больш нішто не зробіць

Каментары да артыкула