Стала вядома, дзе зборная Беларусі правядзе хатнія матчы Лігі нацый
Першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футболу Андрэй Васілевіч распавёў, што хатнія матчы Лігі нацый зборная Беларусі будзе праводзіць у Венгрыі, піша football.by.
Фота: football.by
«Гуляць будзем у Будапешце, але дакладна не на арэне імя Ферэнца Пушкаша. Выбар Венгрыі ў якасці месца правядзення матчаў мае комплексны характар. Федэрацыя футбола гэтай краіны ідзе нам насустрач і заўсёды дапамагае, за што ёй вялікая падзяка. Так, разглядалі і іншыя варыянты, але тут і візавае пытанне вырашаецца, і лагістычна зручней, таму і спыніліся на Венгрыі», — сказаў ён.
Нагадаем, зборная Беларусі выступіць у групе C1, дзе яе супернікамі будуць нацыянальныя каманды Албаніі, Фінляндыі і Сан-Марына.
Прычым сёлета турнір Лігі нацый будзе крыху мадыфікаваны. Адразу зборныя згуляюць па чатыры паядынкі.
Зборная Беларусі пачне турнір гасцявым матчам супраць Албаніі 26 верасня, потым 29 верасня будзе гульня ў Турку супраць Фінляндыі. Адпаведна, 3 і 6 кастрычніка ўмоўна хатнія гульні супраць Сан-Марына і Фінляндыі ў Венгрыі.
У лістападзе пройдуць пазасталыя дзве гульні: 12 лістапада супраць Сан-Марына ў гасцях, 15 лістапада з Албаніяй у Венгрыі.
Пасля пачатку вайны ва Украіне ў выніку касметычных санкцый беларускія зборныя і клубы гуляюць хатнія паядынкі ў нейтральных краінах без гледачоў. Апроч Венгрыі, зборныя і клубы гулялі ў Сербіі, Балгарыі і Азербайджане.
Чытайце таксама:
Віктар Ганчарэнка назваў задачу зборнай Беларусі ў Лізе нацый