БЕЛ Ł РУС

Хуткаснае чыгуначнае злучэнне дазволіць даехаць з Мінска да аэрапорта за 30 хвілін

21.08.2026 / 15:29

Nashaniva.com

Агульная працягласць участка — 41 км, з іх новым будзе 31 км.

Хуткаснае пасажырскае чыгуначнае злучэнне дазволіць даехаць з Мінска да Нацыянальнага аэрапорта Мінск за 30 хвілін. Пра гэта журналістам паведаміў першы намеснік начальніка пасажырскай службы ўпраўлення Беларускай чыгункі Канстанцін Баяр, піша БелТА.

Злучэнне плануецца арганізаваць па маршруце Мінск — Гарадзішча — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» — Нацыянальны аэрапорт Мінск.

Агульная працягласць участка — 41 км, з іх новым будзе 31 км.

Цяпер рэалізуецца першая чарга будаўніцтва. Праект выконваецца ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай «Транспарт Беларусі» на 2026—2030 гады.

Як адзначыў Канстанцін Баяр, праект мае важнае значэнне для Мінска і краіны ў цэлым, чакаецца павелічэнне пасажырапатоку.

«Мы плануем каля 20 пар цягнікоў у суткі паміж Мінскам і аэрапортам. Праект прадугледжвае высокую хуткасць перамяшчэння. Арыентыровачны разліковы час у дарозе складае 30 хвілін. На гэтым напрамку будзе курсіраваць новы рухомы састаў з палепшанымі спажывецкімі якасцямі і характарыстыкамі», — сказаў ён.

Канстанцін Баяр таксама распавёў пра запланаваныя прыпынкі.

«Мы прадугледжваем прыпынак Мінск-Усходні, які будзе звязаны з метрапалітэнам. Плануецца прыпынак у «Вялікім камені», бо мы павінны забяспечыць транспартную сувязь не толькі з аэрапортам, але і з лагістычнымі цэнтрамі», — адзначыў ён.

Раней паведамлялася, што чыгунка будзе пабудавана да 2028 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула