Forbes уключыў двух беларусаў у топ самых багатых імігрантаў у ЗША
Амерыканскі часопіс Forbes абнавіў рэйтынг самых багатых імігрантаў, якія жывуць у ЗША. Сёлета ў спіс увайшлі 144 чалавекі, а іх агульны капітал ацэньваецца ў 2,2 трыльёна даляраў. Для параўнання, годам раней у рэйтынгу было 125 чалавек з сумарным багаццем 1,3 трыльёна даляраў, піша Office Life.
Дзяніс Ярац. Фота: DR
Сярод сёлетніх удзельнікаў рэйтынгу — адразу два беларусы: сузаснавальнік і тэхнічны дырэктар ШІ-стартапа Perplexity Дзяніс Ярац і заснавальнік інвестыцыйнага фонду WorldQuant Ігар Тульчынскі.
Дзяніс Ярац заняў 97‑е месца. Ягонае багацце Forbes ацаніў у 2,1 мільярда даляраў.
Ярац нарадзіўся ў Гомелі і атрымаў адукацыю ў БДУ, дзе вывучаў матэматыку і камп’ютарныя навукі. У 2008 годзе ён дайшоў да еўрапейскага фіналу спаборніцтва Google Code Jam, які праходзіў у Цюрыху. Пазней працаваў інжынерам у Microsoft, дзе займаўся пошукавай сістэмай Bing, а таксама ўдзельнічаў у развіцці сэрвісу Quora. Да стварэння Perplexity ён быў навуковым супрацоўнікам у Facebook AI Research.
У 2022 годзе Ярац разам з двума амерыканскімі партнёрамі заснаваў Perplexity — кампанію, якая распрацоўвае альтэрнатыву традыцыйным пошукавым сістэмам. Стартап прыцягнуў першыя інвестыцыі ўжо ў год заснавання. Паводле інфармацыі Forbes, у 2025 годзе ацэнка кампаніі дасягнула 20 мільярдаў даляраў. Сярод яе інвестараў — Джэф Безас і Крышціяну Раналду.
Другі беларус у спісе — Ігар Тульчынскі. Ён заняў 113‑е месца, а ягонае багацце ацэньваецца ў 1,7 мільярда даляраў.
Ігар Тульчынскі. Фота: Wikimedia Commons
Тульчынскі нарадзіўся ў Беларусі ў 1966 годзе, а ў 1977‑м разам з бацькамі эміграваў у ЗША. Ён вучыўся ў Тэхаскім універсітэце ў Осціне, а пасля скончыў бізнэс-школу Універсітэта Пенсільваніі.
Сваю кар’еру Тульчынскі пачаў у AT&T, затым працаваў у Interactive Brokers, а пазней перайшоў у хедж-фонд Millennium, заснаваны мільярдэрам Ізі Энгландэрам.
У 2007 годзе ён заснаваў інвестыцыйны фонд WorldQuant. Цяпер кампанія кіруе актывамі прыкладна на 17 мільярдаў даляраў, у тым ліку 7 мільярдамі даляраў у якасці кансультанта для хедж-фонду Millennium.
Чытайце таксама:
Ураджэнец Беларусі ўвайшоў у топ-250 найбагацейшых амерыканскіх імігрантаў