БЕЛ Ł РУС

У Лідскім замку пачалі праводзіць незвычайныя экскурсіі на досвітку

22.08.2026 / 16:11

Nashaniva.com

У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі запусцілі новую інтэрактыўную экскурсію «З першымі пеўнямі». Яе асаблівасць у тым, што наведвальнікі прыходзяць у замак яшчэ да ўзыходу сонца і могуць сустрэць першыя сонечныя промні непасрэдна ў старажытнай крэпасці, піша Tochka.by.

Фота: Tochka.by

Праграма разлічаная прыкладна на паўтары гадзіны. За гэты час гасцям расказваюць пра гісторыю Лідскага замка, яго легенды і вядомых асобаў, чые імёны з ім звязаныя.

Экскурсія ўключае ранішнюю прагулку па замку князя Гедыміна і яго вежах, а таксама інтэрактыўнае прадстаўленне, прысвечанае вяселлю караля Ягайлы і Соф’і Гальшанскай.

Фота: Tochka.by

Для наведвальнікаў таксама ладзяць майстар-класы па сярэднявечных гульнях і танцах, што дазваляе больш поўна адчуць атмасферу той эпохі.

Арганізатары адзначаюць, што галоўная адметнасць новага фармату — магчымасць убачыць, як паступова прачынаецца старажытная крэпасць і над ёй узыходзіць сонца.

Фота: Tochka.by

Супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея сталі першымі, хто вырашыў праводзіць экскурсійныя праграмы менавіта на досвітку. Падчас ранняй прагулкі па замкавых галерэях наведвальнікі могуць не толькі акунуцца ў сярэднявечную гісторыю, але і паглядзець на сучасны лідскі пейзаж.

Новая экскурсія ўжо карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў замежных турыстаў. Аднак арганізатары лічаць, што яна можа зацікавіць і беларусаў, у тым ліку тых, хто ўжо не раз бываў у Лідскім замку.

Чытайце таксама:

Апублікавалі новы рэйтынг найбольш папулярных гісторыка-архітэктурных помнікаў Беларусі

«Конь для нас — як чалавек». З'явіліся падрабязнасці, як быў смяротна паранены конь у Лідзе

На аўташоу ў Лідзе ледзь не загінуў адзін з самых знакамітых каскадзёраў Беларусі — яго відэа сабралі амаль паўмільярда праглядаў. Што з ім цяпер?

У Лідзе пад сценамі завода раскапалі крыпты з саркафагамі

Каментары да артыкула