Штармавы вецер пакінуў без электрычнасці больш за 30 населеных пунктаў Гродзеншчыны
22 жніўня на Гродзенскую вобласць абрынуўся моцны вецер, які прынёс цыклон «Прыска». Найбольш ад непагадзі пацярпелі Гродзенскі, Шчучынскі, Мастоўскі і Воранаўскі раёны, паведамляе «Гроднаэнерга».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
«Гроднаэнерга» ўвяло асаблівы рэжым працы. Спецыялісты аднаўляюць электразабеспячэнне ў населеных пунктах, якія пацярпелі ад стыхіі. На гэты момант без электрычнасці застаюцца больш за 30 населеных пунктаў рэгіёна.
Асноўнай прычынай аварый сталі абрывы правадоў пасля падзення дрэваў. Для ліквідацыі наступстваў непагадзі ў пацярпелых раёнах задзейнічалі неабходную спецыяльную тэхніку, абсталяванне і дадатковы персанал.
Раней на 22 жніўня ў Беларусі абвясцілі аранжавы і чырвоны ўзроўні небяспекі. Ратавальнікі папярэджвалі пра шквалісты вецер з парывамі да 27 метраў у секунду.
Чытайце таксама:
Стала вядома, якое надвор'е будзе ў апошні тыдзень лета
У суботу прагназуюцца навальніцы