«Людзі стрыманыя, але не заўсёды добрыя». Барбер пераехаў з Крыма ў Мінск, але доўга не пратрымаўся і збег у Маскву
Барбер Данііл Лукічаў упэўнены: жыць у Беларусі можна толькі калі маеш дыстанцыйную працу — як у Тайландзе ці В'етнаме.
Данііл. Скрыншот відэа ў інстаграме
Данііл распавядае ў інстаграме, што на пераезд з Крыма ў Мінск наважыўся даволі хутка. Ён не верыць у тое, што рыхтавацца да міграцыі неабходна гадамі. Кажа, што сабраць рэчы і з’ехаць лёгка можа адным днём — так мужчына і зрабіў.
Калі Данііл чакаў свой цягнік у новую будучыню, ён нагугліў, што арэнда кватэр у Мінску дарагая, а патэнцыйныя зарплаты ў яго сферы ў разы менш, чым у Маскве.
«Шчыра кажучы, мяне гэта засмуціла яшчэ на вакзале, але квіткі вярнуць было ўжо немагчыма, бо гэта міжнародны рэйс. Але я не страціў надзею і рашыў паспрабаваць у любым выпадку, паглядзець гэтую краіну».
Агулам Беларусь Даніілу спадабалася, хоць ён і кажа, што сустракаў шмат і злых, і непрыемных асоб.
«Было такое адчуванне, што я прыехаў з Крыма ў Крым. Бо мала людзей, няма асабліва нейкай цісканіны, нейкай мітусні. Гэта значыць, усё спакойна. Але за гэтым спакоем хавалася тое, што працы ты там не знойдзеш».
Данііл лічыць, што Беларусь ператварылася ў Тайланд ці В'етнам, дзе можна няблага жыць, толькі калі маеш дыстанцыйную працу.
«Курс увесь час скача. З майго досведу лепш за ўсё разлічвацца карткай «Мір».
Барбер пачынае казаць нешта пра палітыку, але спыняецца на паўслове: «Не, наконт палітыкі нельга, бл**ь».
Ён адзначае, што ў Мінску даволі высокі ўзровень працы барбераў — нашмат вышэйшы, чым у Расіі (што яго прываблівала). Пры гэтым прайс яго засмуціў — кажа, сумна, што сапраўдныя прафесіяналы бяруць прыблізна ад 45 да 70 рублёў. За такія грошы мужчына працаваць не гатовы.
«Але большасць барбераў сядзяць на арэндзе крэсла і проста стрыгуць сваіх кліентаў. Знайсці нейкі больш-менш варты барбершоп я не здолеў».
У выніку Данііл вельмі хутка пераехаў у Маскву і гэтым выбарам задаволены, бо магчымасцяў значна больш.
Відэа завірусілася і выклікала дыскусію на сотні каментароў. Шмат хто пісаў, што Данііл хлусіць і працы ў краіне шмат — «усюды рук бракуе». Іншыя пагаджаюцца: працы валам, але заробкі прапаноўваюць жабрацкія.
Вядома, не абышлося без меркаванняў, што ў Мінску $1000 не зарабляе толькі гультай.
Нехта падтрымаў барбера: «Вы слушна разважаеце. Па факце, жыць там няпроста. Многія паддаліся хвалі хайпу вакол Беларусі і задумаліся пра пераезд, але далёка не кожны зможа вытрымаць такое жыццё з нізкімі заробкамі, кліматам як у Пецярбургу ці Лондане, са шквалістымі вятрамі і вечным холадам. Правільна вам напісалі і пра менталітэт. Многім, хто прыязджае, часам маральна цяжка з такой свабодай нораваў, хоць я сама нармальна да гэтага стаўлюся, мяне нават гэта не пакрыўдзіла. Людзей таксама не варта ідэалізаваць. Яны проста стрыманыя, але не заўсёды добрыя».
Чытайце таксама:
Расіянка пераехала ў вёску пад Оршай і здзіўлена беларускім стандартам. «Тут пастаянна ёсць святло»