Мінчук заказаў 101 ружу, але падарыць букет дзяўчыне не змог
19‑гадовы мінчанін заказаў праз інтэрнэт букет са 101 чырвонай ружы, каб парадаваць сваю дзяўчыну. Аднак замест кветак ён страціў 200 рублёў і стаў ахвярай махляроў, паведамляе ГУУС Мінскага гарвыканкама.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
Хлопец знайшоў у інтэрнэце кветкавую краму, дзе букет прапаноўвалі па прывабнай цане. Прадавец паабяцаў таксама дадаць да заказу паштоўку з рамантычным надпісам. Адзінай умовай была поўная перадаплата, таму мінчук перавёў на названы рахунак 200 рублёў.
Пры гэтым хлопца не насцярожыла, што апошняя публікацыя ў акаўнце крамы была зроблена яшчэ ў верасні мінулага года.
У прызначаны час букет так і не прывезлі. «Менеджар» перастаў адказваць на паведамленні, а пасля ўвогуле заблакаваў пакупніка.
Хлопец звярнуўся ў міліцыю. Па факце махлярства распачалі крымінальную справу.
Для таго, каб не трапляць у такія сітуацыі, не варта рабіць куплі праз сумнеўныя акаўнты ў сацыяльных сетках, асабліва калі прадавец патрабуе поўную перадаплату. Вялікая колькасць падпісчыкаў і прыгожыя фатаграфіі ў профілі таксама не гарантуюць надзейнасці прадаўца. Лепш карыстацца праверанымі сэрвісамі.
Чытайце таксама:
Кватэры з абсталяваннем для махлярскіх кол-цэнтраў выявілі ў трох абласных цэнтрах
Беларус хацеў пабагацець у Нарвегіі, але толькі сам патраціў грошы