Расійская спявачка Вікторыя Дайнека мала таго што пракацілася з канцэртамі па акупаваных тэрыторыях, дык яшчэ і пастраляла
Пераможца расійскага шоу «Фабрыка зорак — 5» паказала, як весела бавіла час на гастролях у акупаваных Данецку, Луганску і Марыупалі.
Спявачка Вікторыя Дайнека разам з мужам. Тут і далей скрыншоты з ейнага інстаграма
Спявачка Вікторыя Дайнека зладзіла гастрольны тур па акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны. У яе па чарзе былі выступы ў Луганску, Данецку і Марыупалі. Былі і асобныя канцэрты для расійскіх вайскоўцаў.
Дайнека апублікавала ў інстаграме (які, дарэчы, афіцыйна прызнаны ў Расіі экстрэмісцкай сацсеткай — карыстацца ім атрымліваецца толькі праз VPN), відэа, прысвечанае прыгодам на гастролях.
Тут і далей — скрыншоты з відэа. Якасць палепшаная з дапамогай ШІ
Кажа, тур быў вельмі цікавы. Можна пабачыць, што артыстка не толькі выступала, але і страляла з кулямёта і пісталета. У гэты момант Дайнека выглядала шчаслівай і весела пасміхалася пад гукі стрэлаў.
У сацсетках на Вікторыю абрынулася хваля крытыкі. Але ж яна лічыць, што ўсё робіць слушна:
«Я за сваю краіну і за нашых хлопцаў, якія там штодня рызыкуюць сваім жыццём, пакуль усе астатнія жывуць сваім бесклапотным жыццём, лётаюць, як вы кажаце, бізнэс-класам і гэтак далей. Мы ўсе хочам, каб яны хутчэй вярнуліся дадому, да сваіх сем’яў, да звычайнага жыцця. Але цяпер яны там, і сітуацыя такая. СВА скончыцца, а ўсе запомняць, як палова тых, хто тут ставіць смайлікі-ваніты, адраклася сваёй краіны, сваіх суседзяў, сваякоў, адхрысцілася ад хлопцаў, якія штодня пакідаюць там сваё жыццё, і зрабілі выгляд, што яны ўсе ў белым паліто».
Чытайце таксама:
Беларускія блогеры-мільённікі, з якімі змагаецца Бондарава, далі канцэрт у акупаваным Крыме
Вялікі тэатр Беларусі не паедзе на гастролі ў акупаваны Крым